Памёр Энгельс Дарашэвіч
16.02.2020 / 22:12
buk.by
14 лютага памёр Энгельс Дарашэвіч — доктар філасофскіх навук, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яму было 88 гадоў.
Энгельс Дарашэвіч нарадзіўся 26 кастрычніка 1931 года ў Мінску ў сям’і служачых. У Другую сусветную вайну з маці быў у эвакуацыі, у тым ліку ў Сталінградзе, дзе жанчына працавала ваенным медыкам. Бацька Энгельса Канстанцінавіча загінуў, змагаючыся ў мінскім падполлі.
Энгельс Дарашэвіч скончыў 42-ю мінскую школу (якая дала свету нобелеўскага лаўрэата Жорэса Алфёрава), БДУ. 3 1958 года працаваў у Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук БССР. У 1985 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Філасофія эпохі Асветніцтва ў Беларусі». У 1984 годзе стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у напісанні цыкла даследаванняў па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.
У 1990—2000-я гады прафесар Дарашэвіч працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі загадчыкам аддзела сацыялагічных даследаванняў ідэалагічных працэсаў Рэспубліканскага цэнтра сацыялагічных даследаванняў пры Інстытуце філасофіі і права, галоўным навуковым супрацоўнікам Інстытута сацыялогіі, а таксама ў сталічных установах вышэйшай адукацыі. З 2009 года працаваў прафесарам кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ.
Развітанне з прафесарам Энгельсам Дарашэвічам пройдзе 17 лютага ў сценах БДУКМ (вул. Рабкораўская, 17), паведамілі «Нашай Ніве» яго калегі.