У Докшыцах адмянілі канцэрт Віктара Каліны: не прадалі ніводнага білета
17.02.2020 / 22:05
Выступ Віктара Каліны планаваўся на 16 лютага ў мясцовым Цэнтры культуры. Але ахвотных купіць квіток не знайшлося. Магчыма, спрацавала петыцыя, якую склалі жыхары Докшыцаў.
У многіх гарадах і мястэчках неабыякавыя жыхары складаюць петыцыі аб адмене канцэртаў спевака. Нагода такіх петыцый — адкрытыя сімпатыі Каліны да «ДНР» і «ЛНР».
Чытайце. Віктар Каліна: Я напісаў гімн «Мы рускія, з намі Бог», а мяне ні за што збілі работнікі расійскай калоніі
Не сталі выключэннем і Докшыцы. Там петыцыю падпісалі 666 чалавек.
«У нашай залі 290 месцаў. На некаторыя была бронь: людзі званілі і прасілі забраніраваць квіткі, каб пазней іх выкупіць. Такім чынам зарэзервавалі 11 месцаў. Але ў касу за квіткамі ніхто не прыйшоў.
Таму канцэрт давялося адмяніць. Ну і перад канцэртам рэзананс жа пайшоў, петыцыю склалі… Можа, таму і квіткі не куплялі, — тлумачыць «Нашай Ніве» дырэктарка Цэнтра культуры Марына Чабан. — Але такое бывае не толькі з Калінай. Выступы некаторых іншых беларускіх выканаўцаў таксама адмяняюцца, бо квіткі зусім не прадаюцца.
Пры гэтым сам Каліна быў вельмі незадаволены адменай, хацеў, каб канцэрт быў. Ішлі перамовы, ён быў гатовы прыехаць і спяваць для такой колькасці, якая будзе, нават для 11 чалавек. Але ж гэта праца не толькі яго, але і наша, адміністрацыі, гукарэжысёраў… Мы не можам выкарыстоўваць людзей для канцэрта з 11 слухачамі. У выніку выступ адмянілі».