Януковіч звярнуўся да ўкраінцаў
18.02.2020 / 13:54
РБК
Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч выступіў са зваротам да суайчыннікаў у сувязі з шостай гадавінай расстрэлаў на Майдане. Тэкст апублікаваў у фэйсбуку ягоны адвакат Віталь Сярдзюк.
У заяве Януковіча гаворыцца, што масавыя забойствы ў цэнтры Кіева сталі «кульмінацыяй барацьбы за «светлую» будучыню». Для большасці ўкраінцаў пратэсты на Майдане абярнуліся страшнай трагедыяй, якая адкрыла чорную старонку ў гісторыі краіны. Лідары дзяржаўнага перавароту «пачалі крывавы шлях на Майдане» і «перанеслі яго на Данбас», сцвярджае Януковіч.
Майдан працягвае падзяляць Украіну: грамадзяне, не згодныя з пераваротам, апынуліся чужымі ва ўласнай краіне, сцвярджае беглы кіраўнік. Радыкалы прысвоілі сабе манаполію на праўду. Паказальныя суды над нязгоднымі сталі нормай. Эканоміка разбурана, народ кінулі ў галечу, упэўнены Януковіч.
Пры гэтым першыя крокі новага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага даюць надзею на мір, справядлівасць і ўсталяванне стабільнасці, заявіў Януковіч.