Польскі мы наруд, польскі люд…
Сяргей Астравец узгадвае на сваім блогу зьезд палякаў, гімнасьпевы, пана сахі.
18.03.2009 / 14:07
Файныя існуюць гімны, «Марш‑марш, Дамброўскі!», напрыклад, люблю яго слухаць, нямецкі таксама падабаецца, ён хіба зь нейкай опэры ўзяты? Пра нібэлунгаў, пра валькірый… Стаю вось, запісваю, як сьпяваюць нашыя палякі, а разам зь імі польскія віцэ‑маршалкі, парлямэнтары. Прыгожа атрымліваецца, чульліва нават. Затым зачынаюць «Польскі мы наруд, польскі люд!» І нічым ня горш гучыць, зладжана. Абстаноўка нефармальная, цесна яшчэ ад людзей з фотаапаратамі, якія не зважаюць на характар моманту, працягваюць пстрыкаць. А ў мяне ўзьнікае рытарычнае пытаньне: ці мог бы я гэтак трапіць, каб да нас прыехалі кіраўнікі беларускага парлямэнту і мы разам сьпявалі беларускія гімны? Ідыёцкае пытаньне, бадай.
Наш гімн ніштавата пачынаецца, як мае быць: «Мы, беларусы…» І музыка, ясна, прыўзьнятая, урачыстая, духавая, не абы‑якая папса. Але адразу ўсё перакрэсьліваецца залежным станам беларусаў ад Вялікай русі, якая, мы ведаем, не дазваляла ніякай Беларусі існаваць, але потым пагадзілася сьцяўшы зубы пад ціскам вайсковых, антантаўскіх абставінаў, каб кавалак быў з шасьці паветаў у складзе яе самой. Але гімн, быў, канешне, «агульны», крамлёўскі, як і чырвоная армія, пазьней нешта зрушылася, напісалі тэкст, прычым дазволілі на беларускай мове зрабіць, у ім мяняліся стоды‑ёлупні, абрэвіятуры, а цяпер вось нібыта вольныя людзі апынуліся тамака, замянілі родную партыю.
Міжволі ўзгадалася, як маладзенькая журналістка ў рэпартажы з гонарам зазначыла: і наш галава гімн умее на другой дзяржаўнай мове. Во дасягненьне! Каб, дапусьцім, Пуцін умеў на другой ‑‑ на расейскай мове сьпяваць, а першая, ясна, манголататарская ці француская. Які малойца! На другой умее! Але ж! Бо ў сьвядомасьці журналісткі, якой варта было, канешне, б ведаць факты, але што зробіш, ясна адбілася, чорным таўром: беларуская мова ў дзяржаве зь беларускай назвай ‑‑ другарарадная, другасная, накшталт другаснай сыравіны, утылю. А нармальныя людзі не прызвычаены купляць, карыстацца таварам другога гатунку, ім першы падавай абавязкова.
Памятаецца акцыя бэтэ: беларусаў на тры хвіліны злучыў гімн і ў навагоднюю ноч яго сьпявалі, ня памятаю, дзесяць ці дваццаць мільёнаў чалавек…Гэта мне нагадвае сьвечкі у вокнах… Або дзень зямлі ‑‑ без электралямпачак, ці без аўтамабіля. Гімн на другараднай мове? Ды каму ён патрэбны? Такі гімн не патрэбны нікому, дзе Сталіна часова замянілі на нешта непераканаўчае. Сапраўдны гімн засьпявае краіна, калі ён будзе не з‑пад палкі, калі за беларускую мову ня будуць дыскрымінаваць, калі яшчык ня будзе перакрыўляць беларускія словы і па‑хамску зьдзеквацца з тых, хто мовай беларускай карыстаецца, не зважаючы, што яе здалі ва ўтыль.
Мне скажуць: чувак, у нашым гімне цяпер пра свабодную краіну ёсьць і пра свабодных людзей, ты ж так любіш гэта. А я скажу: большага ляманту пра свабодных людзей, чым пасьля прыняцьця «самай дэмакратычнай у сьвеце сталінскай кастытуцыі» бадай не было, калі краіну ператварылі ў катоўню. Трэць сядзела, трэць ахоўвала, астатнія давалі плян… Вось цяпер браткі трапілі у вялікі саракагадовы паход па выхаду са стану нявольніцтва. І прыкол ў тым, што водзяць іх, прычым назад, супраць стрэлкі гадзіньнікавай, з піетэтам водзяць «па месцах баявой славы», то бок па тых жа сьцежках Вялікага тэрору, раскулачваньня, зьнішчэньня ворагаў народу, нацдэмаўскіх працэсаў, па тых жа сталінскіх сьлядах, па вайне, партызаншчыне, калгасных палетках, і абавязкова ‑‑ па тамбоўшчыне, уральшчыне, сібіршчыне, водзяць з завязанымі вачыма па колу, водзяць па дзесятаму разу, каб страх зусім іх сагнуў. А называецца ўсё гэта прыгожа, узьнёсла, словамі пераробленага гімну.
Кажуць, у ідэалягічных колах нябачная падспудная дыскусія пра паходжаньне беларусаў. Тое, што продкі існавалі малпамі, ніхто не аспрэчвае. У астатнім думкі разыходзяцца: хто стаў хросным бацькам ‑‑Уладзімір Ільліч, ці Язэп Вісарыёнавіч? Што да павівальнай бабкі, пытаньняў няма, яна ‑‑ партыя. Гэта пытаньне дзяржаўнай ідэалёгіі ‑‑ аформіць канчаткова пасьведчаньне аб народзінах, каб ляхі змоўклі назаўжды, што беларусы ‑‑ сапсаваныя маскалямі палякі, толькі ня першага гатунку, само сабой. Сапсаваны ўжо ня можа быць вышэйшым, зразумела, бо непрыдатны для вітрыны, для дошкі гонару.
Лепшыя ідэалягічныя галовы любяць узгадваць, як вялікі пралятарскі пісьменьнік вялікадушна пахваліў калісьці высілкі нованароджанага народу людзьмі звацца словамі «харошыя рабяты гэтыя беларусы, ёсьць у іх цэлых два паэты ‑‑ Ванька ды Яшка, па‑іхняму Янка ды Якуб…» У ідэалягічна‑навуковых колах разважаюць, ці цалкам пасуе сёньня беларусам называцца панамі сахі? Ці не мадэрнізаваць, ці не асучасьніць? Не сакрэт бо, што сёньня братка не зусім колішні пан з каўтуном, ён пан шасьці сотак, часам міні‑плуга, гаспадар «Гарызонту» або «Віцязя». Хаця некаторыя лічаць, што ня трэба здраджваць ідэалам, рушыць старой спадчыны, што пан сахі ‑‑ сапраўднае імя беларуса… Але хто сьпявае сёньня іншыя гімны, ня хочуць панам сахі, Акінчыц вось побач ня хоча таксама, і вось гэтая студэнтка, і я, сябры мае, не жадаю панам сахі, не жа‑да‑ю!! Досі! Хай іншыя з каўтунамі ходзяць.
Даходзяць яшчэ чуткі: найлепшыя ідэалягічныя галовы капаюць глыбей, каб вызначыць, як былі створаныя сучасныя, савецкія, як добра вядома, беларусы? Варыянты адказу: згодна навагодняму дэкрэту, ці ўказу 1919 году, ці распараджэньню саўнаркаму, асабіста Ульлянава‑леніна, саўдэпу, штабнога загаду, ці рэўваенсавецкага цыркуляру Заходняга фронту? Усе яны прыйшлі тады да кампрамісу, зьляпілі часовую, буфэрную, якой не шкада. Гісторыя паўтарылася ў 1941‑м, праўда за гэта беларусы трапілі ў ААН, трэцім голасам свайго хроснага бацькі. Ёсьць яшчэ адзін пункт гледжаньня: беларусы выйшлі з шэрай шынэлкі землячка Эдмундавіча. Але гэта пакуль малапапулярная тэорыя, прынамсі нераспаўсюджаная.