Як мінчуку карпаратыў абышоўся ў 5100 рублёў

19.02.2020 / 12:05

У міліцыю звярнуліся ўсхваляваныя жыхары Ленінскага раёна сталіцы: невядомы пашкодзіў іх транспартныя сродкі, сарваўшы 17 люстэркаў, паведамляе гарадская міліцыя.

Праваахоўнікі, азнаёміўшыся з запісамі камер відэаназірання, высветлілі, што нахуліганіў 34-гадовы мінчук.

Ён, вяртаючыся дадому пасля карпаратыву, пачаў па дарозе адрываць бакавыя люстэркі ў аўтамабіляў.

Пасля чаго выкідаў іх у смеццевы кантэйнер і ўцякаў. Такім чынам ён пашкодзіў 17 аўтамабіляў. Матыў свайго ўчынку патлумачыць не змог, бо нічога не памятае.

Прычыненая шкода складае 5100 рублёў.

Nashaniva.com