Пры запуску самаробнай ракеты ў Каліфорніі загінуў Звар'яцелы Майк. Ён збіраўся даказаць, што Зямля плоская

23.02.2020 / 13:18

Амерыканец Майкл Х'юз, вядомы па мянушцы Звар'яцелы Майк, разбіўся пры спробе здзейсніць палёт на самаробнай ракеце. Пра гэта паведамляецца ў твітары тэлеканала Science Channel, піша РБК.

madmikehughes / Facebook

Запуск быў здзейснены ў рамках здымак выпуску перадачы Homemade Astronauts, якая выходзіць на канале, адзначае Space.com. Х'юз спрабаваў падняцца на ракеце, якая працуе на паравым рухавіку, на вышыню 5 тыс. футаў (1,5 км).

«Яго марай было ажыццявіць гэты запуск, і [каманда] Science Channel знаходзілася на месцы для таго, каб паказаць гэта падарожжа», — гаворыцца ў паведамленні тэлеканала.

Лятальны апарат быў запушчаны 22 лютага ў пустыні каля горада Барстоу ў Каліфорніі. Як паведамляе CNN са спасылкай на заяву шэрыфа акругі Сан-Бернардына, улады пацвердзілі гібель чалавека пасля таго, як ракета пацярпела крушэнне, але ў сваёй заяве не назвалі імя Х'юза.

Відэа запуску і крушэння ракеты апублікавана ў Twitter журналіста Джасціна Чэпмана. Ён заявіў TMZ, што Х'юз загінуў.

Па даных AP, Майк Х'юз ажыццявіў першы запуск самаробнай ракеты ў 2014 годзе ў Арызоне і падняўся на ёй на вышыню 419 м. У 2016 годзе ён аб'явіў збор сродкаў на будаўніцтва новай ракеты, аднак сабраць атрымалася недастаткова — толькі $310. Пасля гэтага ён назваў сябе прыхільнікам Таварыства плоскай Зямлі і атрымаў падтрымку ад арганізацыі. У выніку Х'юзу ўдалося сабраць $7,8 тыс. Х'юз заявіў, што меў намер здзейсніць палёт у космас і зрабіць адтуль здымак плоскай Зямлі.

У сакавіку 2018 года ён запусціў ракету са стартавай пляцоўкі ў пустыні Махаве ў Каліфорніі. Апарат падняўся на вышыню каля 570 м, палёт скончыўся жорсткай пасадкай. Сам Х'юз не пацярпеў. Новы запуск быў запланаваны на жнівень 2019 года, аднак некалькі разоў адкладаўся.

Nashaniva.com