Дзяўчына выкінула заручальны пярсцёнак у акварыум у краме. Хлопец залез у яго і нарваўся на непрыемнасці
24.02.2020 / 13:35
Малады чалавек, ураджэнец Брагінскага раёна, 21 лютага залез у акварыум з рыбамі ў адной з крамаў па вул. Мазурава ў Гомелі, дастаў нешта са дна і пайшоў. Дзеянні незвычайнага пакупніка трапілі на відэа. Кіраўніцтва гандлёвага цэнтра звярнулася з заявай у міліцыю, піша БелТА.
Сёння 23-гадовы малады чалавек самастойна прыйшоў у РАУС і патлумачыў прычыну свайго ўчынку.
«Ён распавёў, што ў той дзень зрабіў прапанову рукі і сэрца дзяўчыне, а яна выкінула пярсцёнак у акварыум. Хлопец папрасіў прадаўца прынесці сачок, каб дастаць залатое ўпрыгожванне. Але чакаць дапамогі не стаў і залез у ваду. Знайшоўшы пярсцёнак, сышоў разам з дзяўчынай, якая здымала яго дзеянні на відэа», — распавялі ва УУС.
У дачыненні да маладога чалавека складзены адміністрацыйны пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), ён аштрафаваны.