Хлопец, які замаўляў гарбату ў «Камунарцы», паказаў сваю шыкоўную калекцыю аўтамабіляў ФОТЫ

Мінчук Руслан Юсупаў, сам таго не чакаючы, раптам стаў зоркай. Пра тое, што гэта менавіта ён замаўляў гарбату ў кавярні, ведаюць многія. А вось пра тое, што Руслан не толькі калекцыянуе, а нават сам расфарбоўвае мадэлькі машын, хлопец расказаў «Нашай Ніве».

25.02.2020 / 14:02

«Я не проста калекцыяную машынкі, я ствараю мадэль Беларусі, у якой мару жыць. Усе службовыя машынкі ў мяне падпісаны па-беларуску, усе дарожныя знакі на беларускай мове, а шыльды з назвамі вуліц толькі гістарычныя або такія, якімі яны і павінны быць у Беларусі», — расказвае Руслан Юсупаў.

Руслану Юсупаву 28 гадоў, усё жыццё ён пражыў у Мінску, усё свядомае жыццё размаўляе па-беларуску, хаця беларуская мова для яго не родная. Маці Руслана з Украіны, бацька — напалову татарын, напалову ўзбек.

«Мама ў мяне падпалкоўнік МНС, у таты свой бізнэс. Я нарадзіўся ў Мінску. Чаму пачаў гаварыць па-беларуску? Відаць, трэба падзякаваць за гэта настаўніцы беларускай мовы ў школе. Я вучыўся ў прыватнай гімназіі, там у настаўнікаў не было абыякавага стаўлення да беларускай мовы. У школе захапіўся гісторыяй Беларусі».

Руслан са школьных гадоў, акрамя беларускай, вельмі добра размаўляе на англійскай мове.

«Я марыў быць перакладчыкам, паступіў у лінгвістычны ўніверсітэт. Думаў, там навучаць мяне перакладаць. Але калі заняткі замежнымі мовамі пачаліся ледзьве не з вывучэння алфавіту, то я вырашыў час на гэта не марнаваць. За пропускі заняткаў мяне паспяхова адлічылі», — прызнаецца Руслан.

Цяпер Руслан Юсупаў нідзе афіцыйна не працаўладкаваны. Займаецца перакладамі, вярстае кнігі. У вольны ж час робіць макеты транспарту, які ездзіць па сталічных вуліцах.

«Я пакуль магу пахваліцца тым, што сваімі рукамі зрабіў мазаўскі аўтобус і камунмашаўскі тралейбус. Усё маляваў па чарцяжах, па завадскіх фота. І што мяне самога здзівіла, што ўсе замеры настолькі дакладныя, што мадэль у маштабе атрымалася вельмі рэалістычнай. Зараз магу зрабіць любыя мінскія трамваі. Ад тых чырвона-жоўтых, рыжскіх, да тых, што цяпер ходзяць па вуліцах сталіцы», — дзеліцца Руслан Юсупаў.

Калекцыянаваннем машынак Руслан займаецца прыкладна гадоў восем. Пачалося захапленне з банальных часопісаў, якія тады прадаваліся ва ўсіх кіёсках.

Першай машынкай стаў чырвоненькі Фальксваген Жук. Цяпер у калекцыі Руслана каля 500 машынак. Кожнай Руслан прысвоіў нумарны знак.

«Я вяду каталог, куды гэтыя нумары запісваю. У пэўны момант мне стала не проста цікава збіраць машынкі, а рабіць іх па-сапраўднымі беларускімі. Неяк зацікавіўся міліцэйскімі машынкамі. У продажы ёсць толькі адна мадэль міліцэйскай машыны, а іх жа насамрэч вельмі шмат. У машын кожнага падраздзялення свая афарбоўка. У маёй калекцыі ёсць нават знакаміты міліцэйскі трактар. Я вывучаў тэхнічныя стандарты, ведаю, напрыклад, што машыны, якія патрулююць аўтамагістралі, павінны быць з чырвонымі палоскамі ззаду», — расказвае Руслан Юсупаў.

Акрамя збірання калекцыі машын, Руслан стварае на фотапаперы дарожныя знакі.

«Я падумаў, і вельмі хачу, каб у нас укаранілася такія знакі, якія б заахвочвалі кіроўцаў да правільных паводзінаў. Зараз у нас такіх знакаў проста няма», — сцвярджае Руслан.

Руслан Юсупаў сам кіроўца. Хлопец расказвае, што вельмі любіць падарожнічаць на сваёй машыне. Плануе маршрут прыкладна на 3000 кіламетраў. Так з'ездзіў у Чэхію, Польшчу.

«Мадэль «Мэрсэдэса», машыны, якой я кіраваў пару год таму, стала самай дарагой у калекцыі. А пасля, шчыра кажучы, нават перастаў лічыць, колькі грошай я трачу на калекцыю. Дорага мне абышоўся аўтобус-гармонік, які я замаўляў праз расійскую інтэрнэт-краму. Дзіўна, але праз Расію ці Германію мадэль замовіць танней, чым купіць у беларускіх калекцыянераў», — расказвае Руслан Юсупаў.

Руслан прызнаецца, што ён не аматар форумаў калекцыянераў.

«Большасць з тых людзей, хто збірае мадэлькі машынак, робіць гэта з-за настальгіі аб саўку. І размовы на такіх форумах адпаведныя. Мне сумна ад гэтага. І вельмі шмат калекцыянераў, якія думаюць, што астатнія павінны іх паважаць толькі за тое, што дарослыя мужыкі назбіралі 1500 цацак», — разважае Руслан Юсупаў.

Руслан прызнаецца, што часам стамляецца ад калекцыі. Робіць перапынак, нават не зазірае ў залу.

«А пасля, калі адпачну, бяру ў рукі зубную шчотку і вычышчаю кожны аўтамабільчык, які пакрываецца пылам. Апошнюю машынку, дарэчы, мне з Іспаніі прывезла паэтка Анхела Эспіноса. Гэта аўтамабільчык Мэрк’юры 1951 года», — расказвае Руслан.

З Арамаісам, з якім Руслан трапіў у «гарбатную» гісторыю, ён пазнаёміўся год таму на Дні Волі. Руслан са сваім сябрам збіраўся ехаць у Гародню на машыне і шукаў спадарожнікаў, каб танней было скідвацца на бензін. Адгукнуўся Арамаіс.

«З тых часоў пачалі часта бачыцца, сябраваць. Вось і гарбату замовілі. Не хацеў я пра гэта расказваць, Маіс падбухторваў, я і пагадзіўся, каб ён расказаў ад свайго імя. Мяне вельмі здзівіла, што гэта гісторыя атрымала такі рэзананс. Мне здаецца, што ў кожнага, хто размаўляе па-беларуску, здараліся такія гісторыі, калі іх не разумелі. Гарбата — гэта яшчэ кветачкі, сапраўды выбух галаўнога мозгу быў у прадавачкі, калі я купляў у кіёску «Белсаюздруку» асадку, стрыжань, капэрту і льготны квіточак. Адзінае, што ахову не выклікалі», — расказвае Руслан.

«Я карыстаюся беларускай мовай пастаянна. Бывае, што даводзіцца тлумачыць людзям нешта, калі яны мяне не разумеюць. Здаралася, што агрэсіўна да гэтага ставіліся, не без гэтага, але я ўпэўнены, што ў Беларусі можна цалкам абыходзіцца без выкарыстання рускай мовы», — падсумоўвае Руслан Юсупаў.

Наталля Тур, фота Надзеі Бужан