Тактыка падмяняе стратэгію
Удзел у мясцовых выбарах не павінен разьядноўваць апазыцыю і засланяць сабой акцыі грамадзянскага супраціву. Піша Юры Чавусаў.
22.06.2006 / 22:21
Удзел у мясцовых выбарах не павінен разьядноўваць апазыцыю і засланяць сабой акцыі грамадзянскага супраціву. Піша Юры Чавусаў.
Палітычныя партыі, што ўваходзяць у кааліцыю аб’яднаных дэмакратычных сілаў (АДС), актыўна ўключыліся ў працэс падрыхтоўкі да мясцовых выбараў. Выбары ў мясцовыя саветы папярэдне прызначаны на 14 студзеня 2007 г., то бок пачатак перадвыбарчай кампаніі прыпадае на кастрычнік 2006 г. Агульнапрынятае меркаваньне, што апазыцыі варта браць удзел у гэтых выбарах. Відавочна, што для партыйных структураў на месцах і для кіраўніцтва партый мясцовыя выбары могуць стаць выратавальным кругам, то бок рэальнай дзейнасьцю, якой можна будзе загрузіць актывістаў.
Гэта дазволіць скончыць пэрыяд нічоганерабленьня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, калі апазыцыю вінавацілі ў тым, што яна ня мае далейшага стратэгічнага пляну прыходу да ўлады.
Аднак удзел у мясцовых выбарах ня можа быць асноўным элемэнтам стратэгіі барацьбы за ўладу ў Беларусі. Уплыў мясцовых саветаў мізэрны, а кантроль выканаўчай улады за працэсам фармаваньня дэпутацкага корпусу абсалютны. Зьмена ўлады ня можа дасягацца работай у рамках выбараў у мясцовыя саветы. З улікам стратэгічнай задачы дэмакратызацыі Беларусі мясцовыя выбары тут ня мэта, а сродак. Удзел у мясцовых выбарах эфэктыўны толькі як частка шырэйшага праекту, які быў бы скіраваны на злом рэжыму ў Беларусі. Паколькі на цяперашні момант такога шырокага праекту няма (дакладней, ёсьць розныя яго варыянты, аніводзін зь якіх не прымаецца ўсімі ў АДС як рэальны), тактычная задача ўдзелу ў мясцовых выбарах выходзіць на першы плян. Існуе небясьпека таго, што ўдзел у мясцовых выбарах – загадзя сказаны на паразу – стане галоўнай задачай апазыцыі на бліжэйшы пэрыяд. Гэта найхутчэй прывядзе да вяртаньня стратэгіі электаральнай барацьбы. У выніку АДС згубіць тыя дасягненьні, якіх апазыцыя дамаглася падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.
У цяперашні час палітычныя структуры рыхтуюцца да вырашэньня тактычнай задачы свайго ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, але пры гэтым не дасягнута пагадненьня адносна агульнай стратэгіі дэмакратычнай кааліцыі. Гэта можа прывесьці да таго, што другасная кампанія ўдзелу ў мясцовых выбарах стане асноўнай задачай апазыцыі і сарве першачарговыя пляны прыходу да ўлады ў краіне праз акцыі негвалтоўнага грамадзянскага супраціву. У гэтым кантэксьце ўдзел у мясцовых выбарах павінен разглядацца выключна як частка шырэйшага праекту прыходу да ўлады. Менавіта распрацоўка такога праекту – зараз асноўная задача апазыцыі, а зусім не ўзгадненьне фармату ўдзелу ў мясцовых выбарах.
Мясцовыя выбары могуць стаць кропкай кансалідацыі апазыцыі.
Адначасова варта адзначыць, што па пытаньні ўдзелу ў мясцовых выбарах суб’екты дэмакратычнай міжпартыйнай кааліцыі ня маюць рэзкіх, неўлагоджаных супярэчнасьцяў. Пазыцыі розных суб’ектаў кааліцыі грунтуюцца на прынцыпе шырокага ўдзелу ў мясцовых выбарах, адначасова прызнаецца маніпуляцыйны (несвабодны і несправядлівы) характар гэтых выбараў. Мэтай удзелу ў выбарах ня можа быць заваяваньне найбольшай колькасьці месцаў у мясцовых саветах, мэтай мусіць быць іншы палітычны эфэкт – гэта прызнаецца ўсімі.
Такое становішча дазваляе меркаваць, што распрацоўка пляну ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы, узгадненьне пазыцыі розных партый і рэгіянальных лідэраў стане фактарам, які дапаможа пераадолець існыя зараз супярэчнасьці ў дэмакратычнай кааліцыі. Мясцовыя выбары могуць стаць сродкам выхаду кааліцыі з пасьлявыбарчага ўнутранага крызісу. Абмеркаваньне тактычнай праблематыкі з адыходам ад пытаньня захопу ўлады ў краіне і пытаньня пра лідэрства ў кааліцыі можа часова прыяднаць групоўкі, што супрацьстаяць у рамках АДС на плятформе ўзгодненай пазыцыі па другасным пытаньні мясцовых выбараў. Але адначасова гэта будзе азначаць падзеньне аўтарытэту гэтай кааліцыі як палітычнага суб’екту, бо найхутчэй новы лідэр апазыцыі Мілінкевіч ня будзе актыўна ўцягнуты ў гэтыя працэсы. Мясцовыя выбары дапамогуць падняць падпсаваны аўтарытэт партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю, але яшчэ больш зьменшаць аўтарытэт Мілінкевіча як прызнанага лідэра дэмакратычнай апазыцыі.
Хутчэй за ўсё, удзел у мясцовых выбарах без фармулёўкі адзінай стратэгіі АДС (альбо кампаніі «За Свабоду!») павысіць ролю палітычных партыяў, але стане крокам назад у параўнаньні з кампаніяй выбараў прэзыдэнта. Малаверагодна, што нават пад радыкальна палітызаванымі лёзунгамі мясцовыя выбары дазволяць мабілізаваць насельніцтва. Мясцовыя выбары самі па сабе ня стануць каталізатарам грамадзянскіх пратэстаў і ня зьменяць палітычнай сытуацыі ў краіне. Але як частка адзінай праграмы дзеяньняў яны могуць стаць адным з крокаў па зьмяненьні сытуацыі. Калі такой праграмы ня будзе, то з кампаніі па мясцовых выбарах апазыцыя выйдзе ня толькі па-ранейшаму разьяднаная (альбо аб’яднаная толькі фармальна), але і без прызнанага адзінага лідэра, як было да папярэдняга Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэта недапушчальна.
Застаюцца нявырашанымі некаторыя пытаньні.
Такім чынам, АДС прынцыпова настроеныя браць удзел у мясцовых выбарах, байкот як варыянт пакуль не разглядаецца. Пры гэтым задача атрыманьня месцаў у саветах другасная; галоўнай задачай ёсьць разгортваньне інфармацыйнай кампаніі, праца з насельніцтвам. Але разам з супольнай згодай суб’ектаў АДС у прынцыповых пытаньнях назіраецца шэраг разыходжаньняў у шэрагу тактычных аспэктаў такога ўдзелу. У тым ліку гэта наступныя пытаньні:
– адзін кандыдат альбо некалькі кандыдатаў ад АДС могуць балятавацца ў адной акрузе, што можа быць падставай для выбарчага байкоту ў канкрэтнай акрузе (зьняцьце кандыдата з ўласнай ініцыятывы) на знак пратэсту супраць фальсыфікацыяў;
– магчымасьць удзелу лідэраў партый у выбарах;
– фармулёўка адзінай праграмы кандыдатаў АДС: арыентацыя на мясцовыя праблемы, лякальная кампанія альбо арыентацыя на палітычныя праблемы, агульнанацыянальная кампанія;
– наколькі кампанія па выбарах у мясцовыя саветы мусіць быць працягам кампаніі дэмакратаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў (выкарыстоўваньне ўжо існых брэндаў, лёзунгаў, праграмных прапановаў).
Па ўсіх гэтых пытаньнях існуе шырокі спэктар думак як «за», так і «супраць». Цяпер яшчэ рана казаць пра цяперашнюю канцэпцыю ўдзелу АДС у мясцовых выбарах. Аднак існуюць два асноўныя падыходы да фармуляваньня такой канцэпцыі. Гэтыя два падыходы прэзэнтаваныя суб’ектамі АГП, (як найбольш незадаволенымі сваім месцам у мінулай кампаніі) з аднаго боку, і БНФ (як настроенымі на працяг кампаніі), з другога боку. Іншыя суб’екты кааліцыі хутчэй схільныя падтрымліваць пазыцыю АГП, арыентаваную на большае задавальненьне інтарэсаў партый, якія ўваходзяць у кааліцыю. Зь іншага боку, праект БНФ хутчэй за ўсё будзе карыстацца падтрымкай былога адзінага кандыдата А.Мілінкевіча і найбольш арыентаваны на ўключэньне мясцовых выбараў у агульнанацыянальную стратэгію дэлегітымізацыі і дэстабілізацыі рэжыму Лукашэнкі.
Такім чынам, асноўныя рысы гэтых двух падыходаў:
– «Праект БНФ»: працяг палітычнай кампаніі, пачатай прэзыдэнцкімі выбарамі; структурная апора на абласныя выканаўчыя камітэты АДС (былыя рэгіянальныя штабы Мілінкевіча); ідэалягічная апора на кампанію «За Свабоду!»; арыентацыя на падрыхтоўку падчас мясцовых выбараў масавай кампаніі грамадзянскага дзеяньня з палітычнымі і сацыяльна-эканамічнымі патрабаваньнямі; вылучэньне ня менш за 165 кандыдатаў у абласныя і Менскі гарадзкі саветы праз збор ня менш чым 5000 подпісаў за кожнага прэтэндэнта і правядзеньне імі радыкальна палітызаванай кампаніі; зьняцьце з выбараў усіх кандыдатаў ад АДС з заклікам галасаваць супраць усіх, пры гэтым на ўзроўні раённых, местачковых і сельскіх саветаў пытаньне пра зьняцьце кандыдата вырашаецца асобна. У цяперашнім выглядзе гэты праект гучыць даволі радыкальна і, канечне, ён будзе зьменены. Аднак ягонай прынцыповай якасьцю ёсьць улучэньне мясцовых выбараў у кампанію па зьмене ўлады ў краіне, няхай нават стратэгія такой кампаніі пакуль незразумелая.
– «Праект АГП» не існуе ў якасьці асобнага дакумэнту, але асноўныя ягоныя рысы былі агучаныя прадстаўнікамі АГП на круглым стале Нацыянальнага камітэту АДС «Кампанія мясцовых выбараў і агульнанацыянальная кампанія за перамены» 13 чэрвеня 2006 г.: большая аўтаномія мясцовых структураў і саміх кандыдатаў; магчымасьць вылучэньня некалькіх кандыдатаў ад розных партыяў АДС у межах адной акругі; прыярытэт лякальнага складніка плятформы кандыдата над агульнанацыянальнай палітычнай кампаніяй; прыцягненьне да працы ў кампаніях новых людзей, што далучыліся да дэмакратаў падчас грамадзянскіх пратэстаў вясны 2006 году; правядзеньне напрадвесьні мясцовых выбараў новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў як дэманстрацыйнага мерапрыемства і акцыі па мабілізацыі. У рамках гэтай канцэпцыі дапускаецца магчымасьць атрыманьня асобнымі дэмакратамі дэпутацкага мандату. Прынцыповай якасьцю гэтага праекту ёсьць ягонае пазыцыянаваньне як новага яднальнага праекту АДС, які павінен прыйсьці на зьмену дамоўленасьці часоў прэзыдэнцкіх выбараў.
Да пачатку чэрвеня канцэпцыя ўдзелу АДС у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў павінна быць прынятая органамі кааліцыі. Хутчэй за ўсё, будзе сынтэзаваны нейкі кампрамісны варыянт, паколькі прынцыповых непераадольных супярэчнасьцяў паміж праектамі з тэхнічнага гледзішча няма. Але ёсьць супярэчнасьці палітычнага і стратэгічнага характару, і яны могуць перашкаджаць устойлівасьці такога кампрамісу. У першую чаргу выклікае спрэчкі пытаньне аб новым Кангрэсе дэмакратычных сілаў, аб пераглядзе рашэньняў папярэдняга Кангрэсу і вызначэньні статусу Мілінкевіча. Скліканьне новага кангрэсу (нават у старым складзе з кааптацыяй новых палітычных суб’ектаў) – адна з стратэгічных задачаў АГП, а цяпер і ПКБ, а мясцовыя выбары могуць быць у гэтым сэнсе толькі нагодай для скліканьня Кангрэсу. Непазьбежным яблыкам разладу ў гэтым разе ізноў можа быць пытаньне аб статусе Мілінкевіча, які мае адносна высокі (пакуль што) рэйтынг падтрымкі і папулярнасьці сярод насельніцтва, але ня мае дакладнага становішча ў структуры міжпартыйнай кааліцыі.
Карацей, суб’екты кааліцыі маюць блізкія пазыцыі адносна самога ўдзелу ў мясцовых выбарах, але як толькі падчас дыскусіі закранаюцца пытаньні стратэгічнага характару – адразу ўсплываюць антаганістычныя інтарэсы.
Магчыма, плятформай для выпрацоўкі кампраміснага варыянту стане канцэпцыя двухузроўневай кампаніі, якая прапануе існаваньне лякальных кааліцыяў. Яна можа быць рэалізаваная як у рамках прапановаў АГП, так і ў рамках канцэпцыі БНФ. У такім разе праводзіцца агульнанацыянальная палітызаваная кампанія, а на ўзроўні канкрэтнай акругі ідзе звычайная перадвыбарчая праца канкрэтнага дэпутата. У гэтым разе асноўнай сілай беспасрэдна ў працэсе саміх мясцовых выбараў становяцца лякальныя кааліцыі ў рэгіёнах, якія ўжо пачалі ўтварацца. Менавіта ў такім фармаце былі эфэктыўнымі дзеяньні дэмакратычных кандыдатаў падчас мясцовых выбараў 2003 году.