На БТ казалі, што ён рыхтаваў тэракт на 3 Ліпеня. Гомельскі анархіст распавёў пра затрыманне з выбухоўкай і жыццё ў калоніі

11.03.2020 / 13:57

Вясной 2017 года па ўсёй краіне праходзілі мітынгі супраць «антыдармаедскага» дэкрэта №3. А БТ раптоўна выпусціла спецыяльны рэпартаж, у якім засцерагала беларусаў ад пратэстаў, палохала наступствамі Майдану і называла анархістаў баявой сілай Міколы Статкевіча. У тым рэпартажы паведамілі, што нібыта тры гады таму сілавікі злавілі анархіста, які ехаў на святкаванне Дня Незалежнасці ў Мінск з трацілам у заплечніку.

Скрыншот з рэпартажу БТ

«Нескладана ўявіць, што б адбылося ў натоўпе, калі б выбуховае рэчыва было выкарыстана па сваім прамым прызначэнні», — паведамілі ў сюжэце.

Аказалася, што ў 2014 годзе 25-гадовы гамяльчук Сяргей Раманаў сапраўды быў затрыманы па дарозе ў Мінск. У хлопца знайшлі парашок, які эксперты прызналі выбуховым рэчывам. Неўзабаве Раманава прысудзілі да 6 гадоў калоніі.

Скрыншот з рэпартажу БТ

Але ж тады гісторыя прайшла незаўважна. Пра сітуацыю з Раманавым не пісалі ні незалежныя, ні дзяржаўныя СМІ — да вясны 2017, калі пра яго нечакана згадала БТ.

Пасля зноў была цішыня.

Адседзеўшы пяць гадоў, Раманаў выйшаў на волю. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра абставіны свайго затрымання, жыццё ў калоніі і пра тое, што з ім адбываецца сёння.

Сяргей Раманаў. Вучыўся ў машынабудаўнічым каледжы, атрымаў спецыяльнасць аператара і наладчыка станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем

«Наша Ніва»: Ты сапраўды лічыш сябе анархістам? Што ты ўкладваеш у гэта?

Сяргей Раманаў: Так, я лічу сябе анархістам і падтрымліваю гэтую ідэю. Для мяне быць анархістам — гэта ў першую чаргу змагацца за правы і свабоды, за грамадства без прыгнёту і навязвання ўладай сваёй людажэрнай палітыкі, пабудаванай на ўзбагачэнні вярхоў за кошт пакут нізоў. Быць анархістам — гэта значыць быць неабыякавым да таго свавольства, што адбываецца вакол.

«НН»: Ці былі нейкія акцыі, якія ладзіў ты сам ці разам з сябрамі?

СР: На гэтую тэму я не хацеў бы гаварыць.

«НН»: З якой ты сям’і?

СР: Мой бацька — вайсковы пенсіянер. Маці таксама пенсіянерка, але працягвае працаваць у краме.

«НН»: Ці былі з бацькамі канфлікты на глебе тваіх анархісцкіх поглядаў?

СР: Была толькі крытыка маіх поглядаў за іх «фантастычнасць» і іншы «ўтапізм», выкліканая ў першую чаргу савецкім менталітэтам. Як звычайна ўсё і адбываецца, калі людзі розных пакаленняў не могуць зразумець каштоўнасцяў адно аднаго.

«НН»: Ок. Пра цябе пісалі паплечнікі: «Сяргей многія гады падвяргаўся пастаяннаму пераследу з боку сілавых структур за свае палітычныя перакананні і грамадзянскую пазіцыю». Якія былі праблемы? За што?

СР: У 2012 годзе — мне тады было 18 гадоў — дадому прыйшлі з ператрусам. Рэч у тым, што невядомыя асобы падпалілі шчыт з міліцэйскай прапагандай. А міліцыя лічыла, што я мог мець да гэтага дачыненне. У выніку ў іх не атрымалася павесіць на мяне гэтую справу праз адсутнасць доказаў. На гэтым ператрусе ў мяне канфіскавалі 14 грам бяздымнага пораху, які знаходзіўся працяглы час на маім працоўным стале. Распачалі справу за незаконныя дзеянні са зброяй. Увесь час да суда я знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Са мной размаўлялі супрацоўнікі КДБ і ГУБАЗіК, яны спрабавалі даведацца пра нейкія справы, якія рабілі анархісты ў Гомелі, пра імёны нейкіх людзей: ці вядомы мне хто-небудзь з іх? Спрабавалі то абяцаннямі, то запалохваннем атрымаць патрэбную ім інфармацыю, але, не пачуўшы ад мяне нічога жаданага, спынілі ўсе дыялогі.

У 2013 годзе быў суд па той справе, і я атрымаў за захоўванне пораху 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

«НН»: Але ж адкуль у цябе быў той порах? І навошта?

СР: Непадалёк ад бацькоўскага лецішча я некалі знайшоў дзясятак старых іржавых патронаў, непрыдатных да выкарыстання па прызначэнні. Я ўзяў іх з сабой, прывёз дадому, зрабіў у гільзах дзіркі для іх дэзактывацыі, трохі пачысціў і паставіў сабе на паліцу як прадмет даўніны. А порах, які і порахам я пасаромеўся б называць, бо ён быў спрэс руды ад іржы і змяшаны з усякім іншым брудам, я высыпаў у невялікі слоічак і неяк забыўся пра яго. Порах так і стаяў у мяне на стале з рознымі радыёдэталямі.

Мне складана было паверыць, што экспертыза пацвердзіла яго нейкую баяздольнасць. Бо порах праляжаў столькі гадоў з часоў Другой сусветнай вайны ў лесе і знаходзіўся абсалютна не ў складскіх умовах, нават знаходзячыся ў якіх у яго мусіць быць нейкі тэрмін прыдатнасці. А тут атрымліваецца, што порах палічылі баявым праз больш чым палову стагоддзя яго знаходжання пад сонцам, дажджамі, снягамі!

«НН»: Што ты адчуў, калі атрымаў на судзе 2 гады з адтэрміноўкай за той порах?

СР: Быў упэўнены, што гэта мне такое прывітанне з боку сілавікоў за тое, што палічыў за лепшае не прадастаўляць ім інфармацыю, якую, на іх думку, меў у дастатковай колькасці.

***

«НН»: Наступныя праблемы пачаліся ў 2014 годзе. Чым ты займаўся?

СР: Я на той момант ужо скончыў тэхнікум і працаваў па спецыяльнасці на заводзе самаходных камбайнаў, быў наладчыкам станкоў.

«НН»: І 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, цябе затрымала міліцыя і знайшла нейкія пакеты. Што за пакеты? Дзе ты іх узяў?

СР: Гэта пачатак маёй другой крымінальнай справы. У ліпені месяцы 2014 года перад Днём Незалежнасці ў мяне былі вялікія выходныя на чатыры дні.

Я любіў выбрацца на прыроду ў адзіночку. Спачатку паехаў на рыбу на Сож, непадалёк ад вёскі Старыя Дзятлавічы. 

На зваротным шляху дадому я заўважыў на прыбярэжным пляжы вогнішча. Побач ляжалі нейкія пакеты з рэчывамі светла-карычневага і белага колеру. Убачыўшы белы парашок, я падумаў, што гэтыя рэчывы могуць быць забароненымі. І вырашыў іх узяць з сабой, каб аддаць у аддзел міліцыю, куды хадзіў адзначацца да інспектара па сваёй двухгадовай адтэрміноўцы. Думаў, што гэта можа неяк дапамагчы, каб хутчэй прымянілі амністыю і адтэрміноўка скончылася.

Я ўзяў гэтыя пакеты з сабой, адправіўся дадому. А на наступны дзень зноў узяў іх з сабой, бо сапраўды не ведаў, што гэта за рэчывы і не хацеў пакідаць іх дома, каб не падвяргаць небяспецы сваю бабулю. Я адправіўся аўтаспынам па трасе ў бок Мінска, дзе ў мяне быў запланаваны турпаход з начлегам у лесе са знаёмымі людзьмі. У Бабруйску работнікі ДАІ спынілі машыну, у якой я ехаў, і прапанавалі ўсім прайсці ў пастарунак.

Яшчэ калі мы знаходзіліся ў аддзеле, я задаў пытанне аднаму з даішнікаў: чаму нас спынілі? Той сказаў, што яму паведамілі па рацыі спыніць пэўны аўтамабіль і праверыць рэчы і дакументы пасажыраў. А дакументаў у мяне не было.

Кіроўцу адпусцілі неўзабаве пасля праверкі дакументаў, а мяне — не.

Павялі на ператрус.

У аддзяленні я зайшоў у кабінет, дзе пад уключаную камеру і перад панятымі адразу зрабіў заяву, што ў мяне ёсць невядомыя мне прадметы, якія я хачу добраахвотна аддаць. Так і было запісана ў пратаколе пад подпісы супрацоўнікаў, што два пакеты з рэчывамі былі мной добраахвотна выдадзеныя…

Праўда, на судзе двое з трох панятых і ўсе работнікі міліцыі, якія прысутнічалі пры надглядзе, сказалі, што я нічога не выдаваў добраахвотна, а прадметы былі ў мяне канфіскаваныя. А відэазапіс, які вялі ў кабінеце, быў нібыта страчаны без магчымасці аднаўлення.

Але тады ў аддзяленні я даў свае тлумачэнні па факце знаходжання гэтых пакетаў, і мяне праз нейкі час адпусцілі дадому пад падпіску аб нявыездзе. У міліцыі, па маіх адчуваннях, я правёў гадзін пяць, не менш. Сустрэцца з сябрамі я не паспеў, выхадныя пайшлі не па плане, таму вярнуўся дадому.

«НН»: Шчыра скажу: анархіст пад умоўным тэрмінам знайшоў невядомы парашок і вырашыў несці яго ў міліцыю… Гэта выглядае максімальна непраўдападобна, ты ж і сам разумееш.

СР: Ну як ёсць, так ёсць. Мой матыў быў хутчэй пазбавіцца ад адтэрміноўкі.

Я першапачаткова падумаў, што гэтыя рэчывы могуць быць наркатычнымі, з чым і асацыяваўся ў мяне ў першую чаргу парашок белага колеру. У краіне якраз была барацьба з наркотыкамі, і я хацеў згуляць сабе гэтым на карысць.

«НН»: Але чаму было не выклікаць міліцыянтаў і пасля іх прывесці да пакетаў? Навошта было цягнуць пакеты дадому?

СР: Я быў без тэлефона, калі знайшоў пакеты.

«НН»: Ну вярнуўся б дадому, адтуль пазваніў бы ў міліцыю.

СР: Дык я ж кажу, што ў мяне было чатыры выходныя дні, якія былі распланаваныя загадзя. Я хацеў усё гэта зрабіць на зваротным шляху з паходу, бо ўсё гэта мерапрыемства магло б зацягнуцца на працяглы час: пакуль паперы складуць, пакуль тлумачэнні возьмуць… Я бачыў у гэтым доўгую папяровую валакіту, якая магла б перашкодзіць ужо вызначаным планам.

«НН»: Але ты не баяўся цягнуць на тусоўку з сябрамі два пакеты, у якіх, меркавана, былі наркотыкі?

СР: Чаго мне баяцца цягнуць іх з сабой у паход, калі мэта ў мяне стаяла добраахвотна аддаць іх.

«НН»: А якога памеру былі пакеты?

СР: Невялікія. Скрутак з белым парашком быў вагой не больш за 8 грам, як паказала экспертыза, а другі скрутак з карычневым рэчывам быў прыкладна 170 грам.

Кавалак мыла ў заплечніку і той цяжэй важыў, чым гэтыя скруткі.

«НН»: І што адбывалася пасля таго, як ты вярнуўся дадому?

СР: Праз пару дзён я вырашыў пытанне з пераводам на працу ў Мінск на аўтасэрвіс. Мне прапанавалі працу, лепшую і цікавейшую за папярэднюю, ​​са значна больш высокім заробкам, таму я пагадзіўся.

Я сабраў усе дакументы і паехаў зноў аўтаспынам у сталіцу.

Я дабраўся з некалькімі перасадкамі з Гомеля да выезду з Бабруйска. Там на прыпынку стаяў і чакаў транспарт. У выніку прыехала машына ДАІ з ужо знаёмымі асобамі ў ёй, пасля чаго мяне адвезлі ў пастарунак.

«НН»: Тыя ж міліцыянты затрымалі, якім раней здаваў пакеты?

СР: Так. Сказалі спачатку, што прычына — праверка дакументаў. Мяне адвезлі ў аддзяленне, дзе паказалі вынікі экспертызы, што выдадзеныя мной пакеты з рэчывамі з'яўляюцца выбуховымі. І змясцілі мяне пад арышт.

Прычым да таго, як мяне закрылі ў ІЧУ, аператыўнік нейкі спрабаваў даведацца, што я збіраўся падрываць, куды ехаў з гэтымі рэчывамі, увогуле, спрабаваў ператварыць мой аповед у нейкую сенсацыю.

Закрылі ў ІЧУ, куды першымі да мяне прыйшлі грамадзяне з камітэта, з якімі я не стаў размаўляць без адваката. Ад камітэтчыкаў мне не паступала ніякіх пагроз, былі толькі пытанні з разраду тых, што я чуў ад аператыўніка ў самым аддзеле.

«НН»: Што было ў тых пакетах, на тваю думку? Сапраўды выбуховае рэчыва?

СР: Я наогул складана ўяўляю, як той белы парашок мог аказацца выбухоўкай. А іншае рэчыва было падобнае да нейкага ўгнаення або да пакрышанага гаспадарчага мыла ці штосьці такое. Мяркуючы па тым, што я знайшоў пакеты каля ракі, гэта магла быць нейкая падкормка для рыбы.

«НН»: Ці не шкадуеш, што ўзяў пакеты, а не прайшоў міма?

СР: Калі закруцілася ўся гэтая гісторыя я, натуральна, пашкадаваў, што не прайшоў міма. Адкуль жа я ведаў на той момант, што можна вось так проста ўсё перавярнуць і пашыць белымі ніткамі.

«НН»: Але ж які сэнс быў сілавікам фальсіфікаваць гэтую гісторыю?

СР: Прычын можа быць шмат, напрыклад, стварыць сенсацыю, што злавілі «тэрарыста». Сенсацыю б пусцілі ў СМІ і прадэманстравалі б свой прафесіяналізм і паднялі імідж сваёй рэпрэсіўнай структуры ў вачах грамадскасці. Ці, напрыклад, банальны пераслед па палітычных меркаваннях. Ці, напрыклад, для падтрымання статыстычнай справаздачнасцi па праведзенай працы з мэтай атрымання прэмій і росту ў званні. Прычын можа быць мноства.

«НН»: Па якім артыкуле было абвінавачванне?

СР: Частка 3 артыкула 295: здзейсненыя паўторна незаконныя дзеянні са зброяй ці выбуховымі рэчывамі (пакаранне ад 2 да 10 гадоў — Рэд.)

Пра тэрарызм і падрыхтоўку да тэракта былі размовы з боку сілавікоў на этапе следства, але доказаў не было. Яны спрабавалі псіхалагічна ўздзейнічаць, выказваючы падобныя жаданні і кажучы пра мой далейшы лёс як «тэрарыста».

Але я заўсёды прытрымліваўся тых паказанняў, што даваў ўпершыню, калі мяне затрымалі з гэтымі пакетамі. Больш мне да іх не было чаго дадаць.

«НН»: Ці прызнаў ты віну?

СР: Так, на судзе. Гэта было агульным рашэннем — маім і адваката. Я ведаў, што фармальна парушыў закон, калі ўзяў з сабой невядомыя пакеты, хоць і здагадваўся, што яны з забароненымі рэчывамі.

«НН»: Які прысуд ты атрымаў?

СР: Пазбаўленне волі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Наступнае абскарджанне прысуду выключыла канфіскацыю, а праз год у Вярхоўным судзе мне знізілі тэрмін на 1 год.

«НН»: Што ты адчуў, калі суддзя сказаў: «6 гадоў пазбаўлення волі»?

СР: Я чакаў, што сістэма будзе дзейнічаць максімальна рэпрэсіўна. Таму я настроіўся, што гэта будзе мінімум 6 гадоў, яны мяне мала чым здзівілі. Засмучаны быў толькі тым, што бацькі былі ў шоку.

***

«НН»: Ты адбываў пакаранне ў калоніі №2 Бабруйска. Як гэта было?

СР: Тая «блатная» іерархія, пра якую часам расказваюць, у калоніі адсутнічала. Усім кіравала міліцыя і яе халуі, якіх асноўная маса людзей там называе «казламі». Іх парадкі — чыстай вады беззаконне. Што адміністрацыя палічыць патрэбным, тое і зробіць. І няма калектыву, які змог бы супрацьстаяць бязмежжу ў самім лагеры.

Большая частка былых «блатных» сталі вернымі сабачкамі ў міліцыі, сталі падтрымліваць працу лагернай адміністрацыі і супрацоўнічаць з імі. Многія з іх у выніку вызваліліся ўмоўна-датэрмінова альбо з'ехалі на «хіміі» і калоніі-паселішчы.

Праз мае погляды праблем не было, часам толькі ўзнікалі праблемы з міліцэйскімі актывістамі. Напрыклад, яны прасілі пералічыць грошы ў фонд атрада, я адмаўляўся. За гэта мяне пераводзілі на горшыя месцы.

Вакол мяне былі пастаянна сексоты, якія бегалі і распавядалі оперу, з кім я маю зносіны, што я кажу, што я чытаю, каму я пішу, былі нават выпадкі, калі якая-небудзь кумоўка на мяне таіла крыўду за тое, што я не даваў ёй дробку гарбаты, бегла да міліцыі і прыдумляла пра мяне ўсялякія гісторыі, пасля якіх да мяне прыходзілі з ператрусам асабістых рэчаў або кідалі ў штрафны ізалятар за тое, што я «маю зносіны з не тымі людзьмі, з кім трэба», што гучала з вуснаў міліцыі.

«НН»: Што за «кумоўка»?

СР: Кумоўка — гэта міліцэйскі даносчык. «Кум» — гэта аператыўнік, а «кумоўка» — гэта яго сабачка на пабягушках.

«НН»: А чаму ў жаночым родзе пра іх кажаш? Яны тыпу «апушчаных»?

СР: Фармальна яны не з'яўляюцца апушчанымі па паняццях, яны па жыцці сваім «гады» і «нягоднікі». Арыштанты не стануць з імі піць чай з аднаго кубка ці ціснуць руку. Але апушчаныя таксама былі — у кожным атрадзе.

«НН»: Ці былі сітуацыі, калі цябе палохалі пераводам да «апушчаных»? Ці калі пры табе хтосьці трапляў у гэтую катэгорыю?

СР: Не, мяне так ніколі не палохалі. Але сітуацыі розныя бывалі. Адзін чалавек краў з тумбачкі «апушчанага» цыгарэты, але гэта заўважылі. Тады адміністрацыя, каб пазбегнуць хваляванняў і адмовы ад прыняцця ежы з боку ўсёй зоны, сама прылічыла яго да апушчаных. Той, здаецца, і сам не супраць быў.

Але бывала і інакш. Аднойчы чалавек выпадкова павітаўся з «апушчаным», не ведаючы яго статус. І пасля праблем не было — чалавека проста папярэдзілі на будучыню.

«НН»: Кажуць, у калоніі табе прыпісалі «схільнасць да ўцёкаў»?

СР: Адзін занадта адказны супрацоўнік аператыўнага аддзела быў арганізаваў цікавы манеўр, калі я працаваў на прамысловай зоне. Мне ў кішэню падкінулі паперку з нумарамі машын, якія заязджаюць на прамзону з таварам. Пасля абвінавацілі, што я нібыта хацеў уцячы на адной з тых машын, і адправілі ў штрафны ізалятар, паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да ўцёкаў».

***

«НН»: Як і калі ты даведаўся, што цябе згадалі ў сюжэце па БТ?

СР: Пра гэта я даведаўся з нейкай праўладнай газеткі, якую выпісваў хтосьці са спальнай секцыі. Пасля мяне выклікалі да адміністрацыі з гэтай нагоды, задавалі пытанні па гэтым сюжэце. На той момант па ўсёй краіне ішлі пратэсты супраць дэкрэта №3, і ў сувязі з актыўным удзелам у іх анархістаў і ўзмацненнем з боку МУС барацьбы з «экстрэмістамі» мяне паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Гэта можа быць як асноўная неафіцыйная прычына таго, што перад вызваленнем мне прысудзілі прэвентыўны надгляд. Фармальнай падставай для яго па законе было тое, што я судзімы па «цяжкім» артыкуле і маю непагашаныя парушэнні правілаў унутранага распарадку.

Адміністрацыя калоніі спецыяльна не давала прайсці тэрмінам дзеяння парушэнняў. Калі на працягу года асуджаны не здзяйсняе парушэнняў, то яны аўтаматычна згараюць. Быў перыяд часу, калі цэлы год не было ніводнага парушэння, пасля чаго я падышоў да намесніка начальніка калоніі з пытаннем: ці будуць мяне пераатэстоўваць са «злоснага парушальніка»? Ён мне сказаў: маўляў, калі ў цябе не было ў апошні месяц парушэнняў, то гэта недапрацоўка аператыўнага аддзела.

На наступны дзень дзяжурны аператыўнік напісаў на мяне рапарт за тое, што я знаходзіўся не па форме адзення (сядзеў каля акна без курткі), і мяне адправілі ў штрафны ізалятар на 10 сутак…

Вярнуся яшчэ раз да парушэнняў. Падчас вучобы ў мясцовым ПТВ на зваршчыка настаўнік выпісаў мне хадайніцтва аб заахвочванні. Па ім з мяне маглі зняць адно парушэнне. Калі я прыйшоў з гэтым хадайніцтвам да начальніка атрада, той выкінуў хадайніцтва ў сметніцу.

Гэтыя два выпадкі паказваюць, што адміністрацыі калоніі спецыяльна напрацоўвала парушэнні, каб я ўвесь тэрмін лічыўся «злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання».

«НН»: Ты вызваліўся ўлетку 2019 года. Чым займаешся цяпер?

СР: Я выйшаў 8 ліпеня 2019 года, адседзеўшы свой тэрмін да канца. Жыву з бацькамі па месцы прапіскі, бо знаходжуся пад надглядам. Нядаўна толькі атрымалася вырашыць пытанне з працай. У бацькі майго сябра ёсць крама, я дапамагаю яму.

«НН»: Ты пад прэвентыўным надглядам, гэта значыць, табе нельга пакідаць горад і мяняць месца жыхарства, наведваць бары і іншыя месцы, дзе прадаюць алкаголь на разліў, пакідаць месца жыхарства ў перыяд з 22 гадзіны да 6 гадзіны. Але ў цябе ўжо некалькі парушэнняў.

СР: Першае парушэнне я атрымаў 15 верасня, паколькі мяне не было дома а 3 гадзіне ночы, калі прыехалі інспектары з праверкай. Я прызнаў сваю віну і адседзеў 5 сутак.

У наступны раз 6 снежня я выйшаў з кватэры пасля 10 гадзіны вечара, каб пазваніць у хуткую дапамогу, бо стала дрэнна і падняўся ціск. У пад'ездзе я сустрэў суседзяў і пакуль гаварыў з імі, на лесвіцы з'явіўся маёр міліцыі з уключанай камерай на тэлефоне, які зафіксаваў, што я за некалькі метраў ад кватэры. Пазней гэта было кваліфікавана як сур'ёзнае парушэнне надгляду.

Па прыездзе хуткай мне дыягнаставалі гіпертанічны крыз, зрабілі ўкол, адвезлі ў бальніцу, але ў шпіталізацыі адмовілі, паколькі мне стала лепш. За гэта парушэнне я віны не прызнаў і адбыў 14 сутак арышту, зараз на гэта рашэнне я падаў скаргу.

«НН»: Але навошта было выходзіць з кватэры, калі стала кепска?

СР: Свежае паветра дапамагае прыйсці ў сябе. Я збіраўся выйсці на вуліцу для таго, каб падыхаць свежым паветрам і выклікаць хуткую дапамогу пры неабходнасці, што і зрабіў у выніку. Мне сапраўды аказалі дапамогу, адвезлі ў бальніцу, дзе далі даведку пра гэта. Але суд не прызнаў гэты факт паважнай прычынай.

«НН»: Трэцяе парушэнне ты атрымаў, бо быў у кавярні, дзе прадавалі алкаголь.

СР: У гэты дзень я сустрэўся са знаёмым, пачаўся дождж, і мы вырашылі перачакаць і папіць кавы ў найбліжэйшай кавярні. Там было шмат людзей і дзяцей, я не заўважыў, каб алкаголь прысутнічаў у якім-небудзь выглядзе. Тым больш я не ўжываю яго зусім.

Праз 5-10 хвілін у кафэ зайшоў міліцыянт з крымінальнага вышуку і чатыры супрацоўнікі АМАП у бронекамізэльках. У мяне папрасілі дакументы і спыталі, ці ведаю я, дзе знаходжуся. Мяне забралі ў аддзяленне для апытання, але я там адмовіўся што-небудзь падпісваць, таму што лічу дзеянні супрацоўнікаў міліцыі перадузятымі, а «парушэнне» нязначным.

Але я асцерагаюся, што ўсё ж такі на мяне могуць завесці новую крымінальную справу за невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага надгляду і адправіць у калонію на год.

А пасля зноў можа быць прызначаны прэвентыўны надгляд і зноў з'явяцца чарговыя фіктыўныя парушэнні… Нішто не перашкаджае ўладам трымаць непажаданых ёй асоб у «замкнёным коле». З надглядам немагчыма нават з'ехаць з краіны. Тым самым ствараецца небяспечны прэцэдэнт рэпрэсіўнай методыкі, пад якую можа трапіць кожны. 

Улад Швядовіч