Літва закрывае мяжу з панядзелка і ўводзіць жорсткі каранцін. Не будуць працаваць нават цырульні
14.03.2020 / 22:17
З мэтай утаймавання распаўсюджвання каранавіруса ва ўсёй Літве з 00.00 панядзелка на два тыдні ўводзіцца каранцін, паведаміў прэм'ер-міністр Саўлюс Скверняліс, піша Delfi.
Паводле яго слоў, пасля ўвядзення каранціну будзе забаронены ўезд замежным грамадзянам за невялікім выключэннем. Урад Літвы спыніць працу бараў, кафэ, непрадуктовых крамаў.
Не плануецца абмяжоўваць працу аптэк, аднак у іх будуць уведзеныя дадатковыя меры аховы, заявіў кіраўнік урада пасля нарады.
Грамадзянам Літвы забароняць ездзіць у закранутыя каранавірусам краіны ўсімі відамі транспарту. Таксама разглядаецца магчымасць забараніць выезд за мяжу не з працоўнымі мэтамі.
Забароняць наведванне пацыентаў у лячэбных установах, а таксама вязняў у месцах зняволення, надаваць паслугі СПА, рэабілітацыі, калі яны не звязаны з лячэннем, забараняецца дзейнасць цырульняў, салонаў прыгажосці. Абмяжоўваецца колькасць пасажыраў у міжгародніх аўтобусах і цягніках, каб захоўваць дыстанцыю паміж пасажырамі і гэтак далей.