Уцюрын прасіў у расійскага бізнэсмена $300 тысяч на будаўніцтва дома
23.03.2020 / 13:53
Былы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын сёння ў судзе распавёў, што прасіў у расійскага бізнэсмена і свайго былога калегі Віталя Гарбачова грошы на будаўніцтва дома, перадае карэспандэнт БелТА з залы суда.
Вярхоўны суд працягвае пачатае 10 сакавіка разбіральніцтва па шматлікіх фактах атрымання і дачы хабараў пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп'ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння. Абвінавачваюцца ў атрыманні і перадачы хабараў 16 чалавек — 8 службовых асоб дзяржорганаў і банкаў, а таксама 8 прадстаўнікоў камерцыйных структур. Сёння ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска працягваюцца допыты абвінавачаных.
Уцюрын распавёў, што аднойчы ў Менск прыехаў яго былы калега Гарбачоў з яшчэ адным іх агульным знаёмым. Тады Гарбачоў распавёў, што займаецца бізнэсам, але сам у Мінск ездзіць часта не зможа — яго інтарэсы будзе прадстаўляць Малін.
«Я папрасіў Гарбачова пазычыць грошай на пабудову дома — каля $300 тысяч», — распавёў Уцюрын. Калі гэта менавіта адбылося, ён не памятае. Па словах Уцюрына, ён ведаў, што Гарбачоў дапамагаў калегам: «Аднаму агульнаму знаёмаму даў вельмі буйную суму на развіццё бізнэсу». «Мая памылка была ў тым, што мы дэталёва не агаварылі, у якой форме будзе дапамога», — адзначыў Уцюрын.
Чытайце таксама: Як выглядае катэдж у Драздах, які належыць арыштаванаму Андрэю Уцюрыну ФОТАФАКТ
Уцюрын таксама дадаў, што ён, Гарбачоў і былы начальнік ДВП МУС Беларусі Сяргей Дарошка скончылі адно вайсковае вучылішча.
Андрэй Уцюрын з верасня 2014-га па красавік 2019 года быў намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі, з лістапада 2014-га яшчэ і членам калегіі МУС. Як паведамлялася, ён абвінавачваецца ў атрыманні не менш як $9 тысяч ад Томчанкі, $183 тысяч — ад Казанцава і Гарбачова. Акрамя гэтага яму прад'яўленае абвінавачванне ў падбухторванні Казанцава да дачы хабару гендырэктару «Белтэлекама» Сівадзедаву. Сваю віну ён прызнае цалкам.