Песню Войтюшкевича на стихи Некляева «25 сакавіка» презентовали кампании «Будзьма!» и «Годна» ВИДЕО
25.03.2020 / 15:38
25 сакавіка да 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР грамадскія кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Годна» прэзентавалі кліп і песню «25 сакавіка» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча на верш Уладзіміра Някляева.
Зміцер Вайцюшкевіч распавёў пра стварэнне песні:
— У студзені я ехаў на машыне і падумаў, што не ведаю песні пра 25 сакавіка, дзе б гучалі менавіта гэтыя словы — «25 сакавіка». Таму я звязаўся з Уладзімірам Някляевым і папрасіў яго напісаць верш. Так нарадзілася песня.
25 САКАВІКА
Калі мы з табой мужчыны,
Калі мы не ветры ў полі,
Калі любім мы Айчыну
Як сябе — і нават болей,
Дык тады скрозь нашы целы,
Скрозь пакуты ўсе і болі
Між аблок чырвона-белых
Пралятаюць птушкі волі.
ПРЫПЕЎ:
25-га сакавіка
Лёд зімовы ламае рака,
І лунае, як ластаўка,
25-га сакавіка.
25-га сакавіка
У руцэ — каханай рука,
Напаўняе душу да крайка
25-га сакавіка.
Калі мы з табой мужчыны,
Калі носім гэта званне,
Нам з табой няма спачыну
Ні ў каханні, ні ў змаганні.
У каханні да жанчыны,
Што праводзіла ў дарогу,
У змаганні за Айчыну,
Што нам дадзеная Богам.
Кліп на гэтую песню быў зняты творчым аб’яднаннем «Інакш».
Сёння, 25 сакавіка, Зміцер Вайцюшкевіч стане госцем анлайн-свята «Годны Дзень Волі», якое ладзіць Каманда БНР100.