Сталі вядомыя меры, прынятыя для прафілактыкі каранавіруса ў сістэме МУС

01.04.2020 / 11:19

фота Надзеі Бужан

У «Нашу Ніву» трапіла распараджэнне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, датаванае яшчэ 23 сакавіка. 

Яно называецца «Аб прафілактычных мерапрыемствах» і прысвечана дзеянням ведамства ва ўмовах пандэміі каранавіруса.

У распараджэнні Караеў, апроч іншага, патрабуе ад сваіх супрацоўнікаў наступнага.

— Абмежаваць правядзенне службовых нарад ці арганізоўваць іх у відэа-рэжыме, у выпадку абгрунтаванай неабходнасці арганізоўваць нарады ў прасторных службовых памяшканнях з добрым праветрываннем, з удзелам мінімальнай колькасці супрацоўнікаў.

— Адмяніць правядзенне вучэбна-трэніровачных і вучэбна-метадычных збораў, спартовых і спартова-масавых мерапрыемстваў.

— Арганізаваць штодзённы агляд на наяўнасць скаргаў на стан здароўя курсантаў, вайскоўцаў унутраных войскаў.

— Не дапускаць да службы з сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.

— Раіць супрацоўнікам выключыць выезд за межы Рэспублікі Беларусь.

— Выключыць допуск у будынкі АУС асоб з сімптомамі ВРІ.

— Абмежаваць кароткатэрміновыя звальненні вайскоўцаў тэрміновай службы, курсантаў МУС, адпачынкі салдат тэрміновай службы, а таксама абмежаваць наведванні сваякамі і іншымі асобамі вайскоўцаў тэрміновай службы. 

 — Абмежаваць прадастаўленне вучням «Спецыялізаванаага ліцэя МУС» звальненні за межы ўстановы адукацыі. 

— Арганізаваць правядзенне тлумачальнай работы с супрацоўнікамі, курсантамі […] па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, аб часовым характары абмежавальных захадаў, выкладзеных у дадзеным распараджэнні […] а таксама персанальнай адказнасці і наступствах невыкання рэкамендацый па паводзінах ва ўмовах стрымлівання перадачы і прадухілення распаўсюду каранавіруснай інфекцыі. 

— Прыпыніць прадастаўленне асобам, якія ўтрымліваюцца ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы, кароткатэрміновых і працяглых спатканняў з наступным захаваннем іх колькасці.

— Максімальна пашырыць практыку прадастаўлення тэлефонных размоў асуджаным, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі.

— Асоб, якія паступаюць ва ўстановы крымінальна-выканаўчай сістэмы, апытваць на прадмет выезду за межы Рэспублікі Беларусі. У выпадку выяўлення […] ажыццяўляць іх ізаляцыю ў асобнае памяшканне, праводзіць медыцынскае назіранне. 

— Забяспечыць наяўнасць дэзынфікуючых сродкаў у машынах. 

 — Забяспечыць неабходны запас рэнтгенаўскай стужкі ды інш. 

Nashaniva.com