У Бабруйску трэнер па веславанні «зарабіў» амаль 10 тысяч рублёў, праводзячы фіктыўныя заняткі

02.04.2020 / 20:45

У Бабруйску затрымалі трэнера адной са спартыўных школ па падазрэнні ў махлярстве, паведамляе УУС.

62-гадовы выкладчык уносіў персанальныя даныя сваіх былых вучняў у часопіс, адзначаў іх поспехі і наведвальнасць, робячы выгляд, што вядзе заняткі. Насамрэч ніякіх заняткаў і вучняў не было — трэнер цэлы год атрымліваў зарплату на падставе фіктыўных даных, якія падаваў у бухгалтэрыю.

За навучальны год бабруйчанін такім чынам змог «зарабіць» каля 9,5 тысячы рублёў. Мужчыну абвінавачваюць у махлярстве ў буйным памеры — на яго завялі крымінальную справу і ўзялі пад варту.

Nashaniva.com