Прэзідэнт Польшчы падтрымаў ідэю выбараў па пошце

09.04.2020 / 10:08

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда лічыць ідэю правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы 10 мая па пошце адным з магчымых выхадаў ва ўмовах эпідэміі каранавіруса. Пра гэта ён заявіў у чацвер у эфіры «Польскага радыё».

«Выбары павінны адбыцца 10 мая», — сказаў Дуда, падкрэсліўшы, што такое рашэнне было прынята ў адпаведнасці з канстытуцыяй спікерам Сейма. Паводле яго слоў, «на першым месцы жыццё і здароўе грамадзян», «але застаецца важным і канстытуцыйны парадак, бесперапыннасць улады, якая забяспечваецца за кошт правядзення дэмакратычных выбараў».

«Адзіны шлях — стварыць умовы для бяспечнага правядзення выбараў», — лічыць кіраўнік дзяржавы. «Паштовае галасаванне — гэта тое, што можна зрабіць», — адзначыў ён. «Калі выбары пройдуць па пошце з захаваннем усіх палажэнняў закона, то я за, але яны павінны праводзіцца так, каб бяспека грамадзян была гарантаваная», — падкрэсліў Дуда.

Nashaniva.com