Памерламу журналісту Васілю Мацкевічу напісалі дыягназ «пазабальнічная двухбаковая полісегментарная пнеўманія»

14.04.2020 / 10:03

46-гадовага журналіста «Медыя-Палессе» Васіля Мацкевіча пахавалі ў вёсцы Завідчыцы Пінскага раёна, дзе спачывае яго маці. Адпяванне адбудзецца дыстанцыйна ў грэка-каталіцкай царкве ў Брэсце. 

Васіль Мацкевіч памёр раніцай 11 красавіка, у рэанімацыйным аддзяленні Пінскай цэнтральнай бальніцы. Ад чаго — родныя не ведалі да дня пахавання. 12 красавіка сястры Васіля паведамілі з Пінскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, што тэст на каранавірусную інфекцыю адмоўны. У панядзелак родным выдалі медыцынскае заключэнне, дзе паказаны дыягназ — «пазабальнічная двухбаковая полісегментарная пнеўманія».

Сын Васіля, 18-гадовы Адам, на пахаванні бацькі прысутнічаць не змог. Ён зараз знаходзіцца ў інфекцыйнай лякарні ў Малатковічах.

Васіль збіраў грошы на аперацыю сыну. «Медыя-Палессе» аб'явіла збор сродкаў у дапамогу сям'і калегі. Выданне просіць усіх неабыякавых людзей аб дапамозе.