У Беларусі абвешчаны рэспубліканскі суботнік
Рэспубліканскі суботнік у Беларусі пройдзе 25 красавіка.
16.04.2020 / 16:53
Такое рашэнне прынята пастановай Саўміна сёння.
Суботнік у 2018 годзе, фота БелТА
У гэты дзень рэспубліканскія органы дзяржкіравання і іншыя дзяржарганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама іншыя арганізацыі на добраахвотнай аснове могуць правесці рэспубліканскі суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкаваць і прывесці ў належны стан гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.
Асабісты ўдзел у рэспубліканскім суботніку прымуць кіраўнікі дзяржорганаў.
Утрыманне наймальнікамі грошай з заробку работнікаў, для якіх 25 красавіка з'яўляецца працоўным днём, робіцца з іх згоды ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі работнікаў.
Пастановай зацверджаны склад рабочай групы па падрыхтоўцы і правядзенні 25 красавіка 2020 г. рэспубліканскага суботніка. Яе кіраўніком вызначаны намеснік прэм'ера Уладзімір Кухараў.