Гульня ў вайнушку

На ваенным парадзе на Дзень Незалежнасці будзе прадстаўлена тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

30.03.2009 / 15:00

Ва Узброеных сілах працягваецца падрыхтоўка да параду войскаў Мінскага гарнізона ў азнаменаванне Дня Незалежнасці і 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Ён пройдзе 3 ліпеня ў Мінску.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны, плануецца, што ў парадзе па традыцыі возьмуць удзел выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі, ваеннага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта, ваеннаслужачыя 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 86-й брыгады сувязі, 103-й і 38-й асобных мабільных брыгад, транспартных войскаў, рота ганаровай варты, а таксама зводны аркестр Узброеных сіл.

Перад трыбунамі гледачоў пройдзе тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У адпаведнасці з загадам міністра абароны адзіночная падрыхтоўка да параду пешых парадных разлікаў у воінскіх часцях пачалася 16 сакавіка. Генеральныя трэніроўкі плануецца правесці 27 і 30 чэрвеня.

Ці будуць на парадзе прадстаўлены сучасная баявая тэхніка і авіяцыя, пакуль не паведамляецца.