Каля 300 чалавек прайшлі па цэнтры Брэста з заклікам да адстаўкі Лукашэнкі

19.04.2020 / 15:11

Чарговая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва завода пад Брэстам сабрала 19 красавіка на плошчы Леніна каля 280 чалавек, паведаміў TUT.BY праваабаронца Раман Кісляк.

На гэты раз сустрэча прайшла без лідараў пратэсту: Дзмітрыя Бекалюка, Аляксандра Кабанава і Дзмітрыя Андрасюка. Іх затрымалі 17 і 18 красавіка. Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для іх затрымання стаў выхад на плошчу ў мінулую нядзелю, 12 красавіка.

— Па нашых даных, цяпер затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Брэсце, — паведаміў Раман Кісляк.

Удзельнікі сустрэчы прыйшлі на плошчу Леніна ў ахоўных масках і стараліся знаходзіцца адзін ад аднаго на адлегласці. Каля 13.00 яны прайшлі калонай па цэнтральных вуліцах Брэста. На гэты раз без банераў і гучнагаварыцеля, але з лозунгамі: «Свабоду актывістам», «Не заводу АКБ», «Чыноўнікаў на нары» і «Лукашэнка, сыходзь».