У Аршанскім раёне колькасць хворых на каранавірус вырасла да 69 чалавек — афіцыйная статыстыка

21.04.2020 / 08:41

Да 69 павялічылася колькасць выпадкаў інфікавання каранавірусам у Аршанскім раёне, пра гэта паведаміў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач горада Орша і Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Сяргей Белы, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

У Бешанковіцкім раёне на COVID-19 ужо захварэлі 28 чалавек, 4 з іх памерлі. Але гэтыя даныя, якія сёння прыводзіць газета «Зара», толькі на 17 красавіка, гэта значыць ужо трохдзённай даўніны.

У бальніцы Бешанковічаў знаходзіцца 55 чалавек з пнеўманіяй, 6 з іх — хворыя на COVID-19. Адзін з супрацоўнікаў медустановы заразіўся каранавірусам.

Паводле газеты «Пастаўскі край», у Пастаўскім раёне на 20 красавіка зафіксавалі 21 выпадак інфікавання каранавірусам, такім чынам за мінулыя выхадныя дадалося трое пацыентаў.

Яшчэ 2 чалавекі заразіліся COVID-19 у Сенненскім раёне, агульная колькасць хворых дасягнула 4, паведамляе «Голас Сенненшчыны». На жаль, гэтыя звесткі і зусім за 16 красавіка.

Таксама новы выпадак каранавіруснай інфекцыі знойдзены ў Глыбоцкім раёне, піша «Веснік Глыбоччыны». Там зараз таксама 4 хворыя.