У гомельскім каледжы мастацтваў выявілі каранавірус. Адміністрацыя адмяняе заняткі
29.04.2020 / 20:17
Намесьнік дырэктара па вучэбнай рабоце гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага Анатоль Трафімовіч пацьвердзіў, што ў аднаго з навучэнцаў выявілі COVID-19, піша «Свабода».
Паводле яго, адміністрацыя прымае «адпаведныя меры».
«Як і прадугледжана лістом Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, забясьпечваем усіх дэзсродкамі. У каледжы праводзіцца вільготнае прыбіраньне ня менш як тры разы на дзень. У аўторак прыяжджала санстанцыя, праводзілі дэзынфэкцыю. Складаюцца сьпісы асоб першага кантакту, яны будуць накіраваныя ў адпаведныя арганізацыі».
Колькі будзе такіх асоб, намесьнік дырэктара ня змог назваць. Паводле Анатоля Трафімовіча, апошнім часам хлопец быў часткова на дыстанцыйным навучаньні.
Намесьнік дырэктара патлумачыў, што масавыя заняткі — аркестравыя і харавыя — абмежавалі.
«Індывідуальныя заняткі засталіся, але іх няшмат. Часткова заняткі перавялі на дыстанцыйную форму».