Са 130 манахінь Свята-Елізавецінскага манастыра амаль у паловы — каранавірус
07.05.2020 / 08:51
Пра гэта распавялі айцец Андрэй Лемяшонак і сястра Марыя Якаўлева ў інтэрв'ю Tut.by.
Манастыр на Вялікдзень, нягледзячы на рэкамендацыі кіраўніцтва БПЦ, не быў закрыты, а А. Лемяшонак, наадварот, заклікаў прыходзіць у храм і маліцца. Каранавірус быў масава выяўлены праз тыдзень пасля Вялікадня, а цяпер манастыр закрыты на каранцін.
«Я сама перахварэла. У манастыры жывуць каля 130 манашак, — распавяла сястра Марыя. — Каранавірус пацвердзіўся амаль у паловы, каля дзесяці сясцёр знаходзяцца ў бальніцы, астатнія лечацца ў манастыры. Мы пад пастаянным наглядам доктара, выконваем усе рэкамендацыі: апрацоўваем памяшканні, ходзім у павязках, здаровыя жывуць і харчуюцца асобна ад хворых, за рознымі сталамі.
Што дзіўна: некаторыя з сясцёр з пацверджаным каранавірусам выдатна сябе адчуваюць, хвароба працякае бессімптомна. А некаторыя сёстры, у каго тэст адмоўны, сябе жудасна адчуваюць. Так што ўсё адносна».
«Манашкі, якія хварэюць, сядзяць у келлях, нікуды не выходзяць. Калі медыкі дазваляюць невялікую прагулку, манашкі надзяваюць маскі, стараюцца трымаць дыстанцыю, выходзяць на хвілін 15 — і ў келлю. Здаровыя сёстры ў асноўным гатуюць ежу, прыбіраюць у храме, спяваюць на службе, з хворымі і выздаравелымі ў іх кантакту няма», — распавяла сястра Марыя.