Рэанімацыі ў вартым жалю стане, дэфіцыт ШВЛ і элементарных сродкаў: вынікі праверкі віцебскіх медустаноў ДАКУМЕНТ

17.05.2020 / 19:42

У распараджэнні «Нашай Нівы» аказалася даведка аб выніках міністэрскай праверкі ўстаноў аховы здароўя Віцебска, якая дае разуменне аб рэальным стане рэчаў у гэтым горадзе на пачатку пандэміі.

Праверка праходзіла з 30 сакавіка па 10 красавіка. У Віцебск, згодна з загадам Мінздароўя ад 27.03.2020 №355 выехалі:

Яны правяралі гэтыя аб'екты: 

Да якіх высноваў прыйшлі рэвізоры? У тэсце дакумента канстатуюцца абуральныя факты пра крайнюю незабяспечанасць віцебскіх бальніц і паліклінік. 

Адразу ж адзначаецца, што «ва Упраўленні аховы здароўя адсутнічае відэасувязь з арганізацыямі аховы здароўя Віцебска, не праводзяцца нарады з Віцебскай фармацыяй, медтэхнікай для рашэння арганізацыйных бягучых пытанняў. 

У сувязі з гэтым у ГУАЗ адсутнічае праўдзівая інфармацыя аб наяўнасці на складах сродкаў індывідуальнай аховы і фактычнай патрэбы ў іх у арганізацый [..]». 

«Часткова выпраўлена», — рэзюмуе па выніку сканчэння праверкі праз некалькі сутак старшыня касіміі Іван Жыльцоў (чырвоным тэкстам у далейшых скрыншотах будуць ягоныя тлумачэнні аб выніках выпраўлення заўваг). 

Кепская сітуацыя з кіслароднай разводкай — ёй на той момант маглі забяспечыць толькі траціну хворых. 

Далей ідзе сумная канстатацыя:

«Аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі ў вышэйзгаданых стацыянарах, за выключэннем ГКБСМП, знаходзяцца ў вартым жалю тэхнічным стане (пабітая плітка, пацёртая фарба на сценах, дзіркі ў сценах, прыкметы працяглай адсутнасці рамонту, арганізацыя аддзяленняў рэанімацыі ў непрыстасаваных і сумешчаных з іншымі аддзяленнямі памяшканнях)», —

 

«Ва ўсіх стацыянарах, акрамя ГКБХМД, адзначаецца вялікі дэфіцыт медыцынскага абсталявання (недастатковая колькасць апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх (далей — ШВЛ) (многія з якіх маральна і тэхнічна састарэлі, і не адпавядаюць сучасным патрабаванням, што прад'яўляюцца для пацыентаў з вострым рэспіраторным дыстрэс-сіндромам)», — гаворыцца ў матэрыялах праверкі.

Праверка прыводзіць выпадкі безадказнасці: «Пры наведванні 07.04.2020 паліклінікі №2 адсутнічаў медыцынскі работнік у холе першага паверха для правядзення термаметрыі і размеркавання плыні пацыентаў. Са словаў адміністрацыі — адышла. У насценным дазатары адсутнічаў антысептык».

А таксама адзначае праблемы ва ўзаемадзеянні з міліцыяй: 

Разам з гэтым, у дакуменце адзначаецца арганізаваная работа па кансультаванні састарэлых пацыентаў, пацыентаў з хранічнымі хваробамі, дастаўка ім валанцёрамі і медыкамі лекаў дадому. 

Але ўсё ж камісія мела мэтай не пахваліць, а знайсці хібы. 

«У кожнай паліклініцы маюцца інфікаваныя медработнікі, уключаючы галоўнага доктара паліклінікі №4 і двух загадчыкаў аддзяленняў ВГЦП», — гэта прыводзіцца як вынік «недастатковага разумення, апроч інфекцыяніста, правілаў правільнага карыстання сродкамі індывідуальнай аховы».

У канцы даведкі ідзе доўгі спіс высноваў і прапаноў. 

Чытайце таксама: Новыя лічбы з Віцебска праліваюць святло на «Вялікую беларускую каранавірусную статыстычную анамалію»

Трывожная сітуацыя ў Віцебску пачала складвацца прыкладна з сярэдзіны сакавіка. Да канца месяца, ва ўмовах адсутнасці каранцінных абмежаванняў і яснай інфармацыі ў дзяржаўных СМІ, яна набыла характар эпідэміі. Лік выяўленых пнеўманій у горадзе, а пасля і вобласці пайшоў спачатку на сотні, а пасля на тысячы. Усяго, паводле інфармацыі абласных уладаў, за красавік у Віцебскай вобласці было выяўлена каля 5000 вірусных пнеўманій.

За перыяд эпідэміі ў горадзе заразілася каля 1500 медыкаў. Большасць з іх працягвае хварэць, толькі 308 пакуль вярнуліся да працы.

Колькасць памерлых ад пнеўманій у Віцебску і вобласці застаецца невядомай, гэтай статыстыкі ўлады не публікавалі.

У адрозненне ад многіх іншых краін, Беларусь не залічвае хворых на вірусныя пнеўманіі ў статыстыку заражаных каранавірусам аўтаматычна. Між тым так робіць, напрыклад, Кітай, пачынаючы ад 12 лютага. У Беларусі і каранавірусныя, і некаранавірусныя пнеўманіі лечаць разам — і гэта лагічна ў дадзенай сітуацыі. Але пры гэтым пнеўманіі не залічваюць у статыстыку каранавіруса і смяротнасці ад яго.

* * *

Вы можаце ананімна даслаць важную інфармацыю або ў тэлеграм-бот «Нашай Нівы», або ў бот тэлеграм-канала HARBACEVIČ

Арцём Гарбацэвіч