Ля будынка Вярхоўнага суда затрымалі групу «кандыдатаў пратэсту» ў майках «у*бывай»

19.05.2020 / 16:06

Па словах жонкі Мікалая Статкевіча, затрыманне адбылося каля 15 гадзіны, піша Радыё Свабода.

19 мая група паплечнікаў Мікалая Статкевіча прыехала ў Вярхоўны суд з мэтай абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ЦВК іх ініцыятыўных груп. Разгляд іх скаргаў быў прызначаны на 14.30.

Як расказала Свабодзе Марына Адамовіч, частка «кандыдатаў пратэсту» была затрыманая праваахоўнікамі ў будынку Вярхоўнага суда. Іх месцазнаходжанне на дадзены момант невядомае.

«Нашых затрымалі каля 10 чалавек, — расказала Марына Адамовіч. — Дакладна вядома, што сярод затрыманых Сяргей Спарыш. Дзе яны цяпер знаходзяцца, невядома. Мы спрабуем гэта высветліць. Прычынай затрымання нібыта стала вопратка, альбо сімволіка на ёй (актывісты выкарыстоўваюць уласную пратэстную сімволіку)».