Каранавірусныя жарсці і мегаматч брэсцкага «Дынама» і БАТЭ. Цікавосткі дзясятага тура вышэйшай лігі

З-за таго, што ў нядзелю адбудзецца кубкавы фінал, дзясяты тур пачынаецца нязвыкла рана — у сераду. Але адразу з генеральнай рэпетыцыі, бо БАТЭ і брэсцкае «Дынама» сустрэнуцца спачатку ў Брэсце, а потым яшчэ раз у Мінску.

22.05.2020 / 10:07

Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе.

Сезон у чэмпіёнаў пакуль не вельмі складваецца: пасля дзвюх перамог «Дынама» зноў прайграла і адстала ад першага месца на шэсць балаў. Але каму як не БАТЭ ведаць, як у Брэсце рыхтуюцца да вырашальных матчаў: ёсць непрыемны досвед прайграных суперкубкаў і фіналу Кубка-2018.

Фота: ФК БАТЭ.

Пакуль што БАТЭ — відавочны фаварыт: барысаўцы не пакінулі шанцаў «Слуцку» ў сябе дома — 3:0 — і засталіся адны на вяршыні табліцы. Таксама варта ўлічваць фактар Альшэўскага — фінал Кубка будзе для яго першым.

Вось як скончыліся матчы дзявятага тура:

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў дзясятага тура. Гульня «Смалявічаў» і «Мінска» перанесеная.

«Дынама-Брэст» — БАТЭ

Першая сустрэча чэмпіёнаў і экс-чэмпіёнаў у сезоне. Летась берасцейцы ўпершыню за 14 гадоў пакінулі Барысаў без тытулаў, таму зразумела, які настрой у гульцоў БАТЭ.

Гульня, відавочна, выкліча вялікую зацікаўленасць у заўзятараў, што можа быць даволі небяспечным для іх саміх жа ў сённяшнім становішчы.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Нёман» — «Тарпеда-БелАЗ»

У мінулым туры «Белшына» і «Смалявічы» набралі па бале і крыху падцягнуліся да «Нёмана». Каманда Ігара Кавалевіча нечакана праваліла першую траціну чэмпіянату і займае трэці радок з канца.

Але чакаць лёгкай гульні жодзінцам не варта: дома «Нёман» набраў сем з васьмі сваіх балаў і прайграў толькі адзін матч з чатырох.

Прагноз «НН»: «Нёман» не саступіць.

«Славія» — «Гарадзея»

Мазырчукі і гарадзейцы няблага стартанулі, але ў выніку апынуліся ў ніжэйшай палове табліцы. Перад вочнай гульнёй статыстыка ў дзвюх каманд адрозніваецца толькі забітымі-прапушчанымі мячамі.

Серыі сапраўды непрыемныя: «Славія» ў чэмпіянаце выйграла толькі адзін матч з апошніх шасці, а «Гарадзея» не выйграе больш за месяц.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Слуцк» — «Рух»

«Рух» набраў добры ход: каманда Сяднёва не прайграе ў апошніх шасці турах. Гэта дазваляе берасцейцам ісці ў першай палове табліцы. Не асабліва яскрава, але эфектыўна.

Фота: Аляксей Камялькоў.

Каб паказаць, што казка не скончылася, «Слуцку» трэба зноў перамагчы, інакш каманда апусціцца яшчэ ніжэй. А вярнуцца будзе ўжо не так проста.

Прагноз «НН»: «Слуцк» не прайграе.

«Іслач» — «Энергетык-БДУ»

Тыдзень таму «Іслач» ускалыхнула інфапрастору. Спачатку з'явіліся чуткі пра гульцоў і спецыялістаў клуба, якія захварэлі на каранавірус. Сам клуб гэту інфармацыю ніяк не каментаваў.

У пятніцу ў твітары форвард «ваўкоў» Мамо Янсанэ напісаў, што некалькі гульцоў яго каманды хварэюць, а ён перажывае за сваё здароўе. У выніку сітуацыя вылілася ў завочны канфлікт у прэсе паміж трэнерам Віталём Жукоўскім і агентам футбаліста. А сам Янсанэ як нічога і не было ў нядзелю згуляў супраць мінскага «Дынама».

Кадравая сітуацыя ў «Іслачы» вельмі непрыемная: траўмаваны Рыбак, хварэюць Макась і Біток, у апошнім матчы атрымаў пашкоджанне Камароўскі. А якаснай замены ў клубе няма.

Прагноз «НН»: «Энергетык» не прайграе.

«Віцебск» — «Дынама-Мінск»

У каманды з поўначы Беларусі складаны перыяд, які якраз пачаўся пасля сыходу ў мінскае «Дынама» трэнера па фізпадрыхтоўцы Віталя Мілюціна. «Віцебск» не можа выйграць ужо чатыры гульні.

Мінскае «Дынама» здабыла другую перамогу пад кіраўніцтвам Леаніда Кучука — і зноў з'явіліся надзеі. Паглядзім, ці атрымаецца ў «бела-сініх» распачаць пераможную серыю.

Прагноз «НН»: «Дынама» не прайграе.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

Піліп Каваленка