Пад Віцебскам два браты-няўдачнікі захацелі скрасці рулон сена, але на бяду сустрэлі вартаўніка

29.05.2020 / 14:10

Сваякі з аграгарадка Замасточча адправіліся на невялікім трактары на калгаснае поле і там скралі рулон сена вагой 400 кілаграмаў, паведамляе абласная міліцыя.

Калі мужчыны вярталіся са здабычай дадому, на іх бяду насустрач ім ішоў работнік адміністрацыі гаспадаркі. Ён адразу зразумеў, адкуль сена, і сказаў, што яго трэба вярнуць ці пакінуць тут жа. Вяскоўцы выгрузілі скрадзенае і паехалі ў бок аграгарадка.

Праз пару гадзін яны вярнуліся і зноў паспрабавалі забраць здабычу. Праўда, іх зноў чакала расчараванне: сустрэча ўсё з тым жа прадстаўніком сельгасарганізацыі. Мужчына застаўся вартаваць рулон і зноў стаў патрабаваць не чапаць чужую маёмасць.

На гэты раз браты не сталі яго слухаць і прыгразілі пабіць, калі ён стане ім перашкаджаць.

Напалоханы мужчына звярнуўся ў міліцыю. Праваахоўнікі вярнулі сена ў гаспадарку, а ў дачыненні да падазраваных распачата крымінальная справа.

Nashaniva.com