«Ён проста на мяне ўпаў». Мужчына патлумачыў, чаму акуратна паклаў на зямлю міліцыянта ў Гродне
30.05.2020 / 08:36
Мужчынам у скураной куртцы, які падчас патасоўкі ў Гродне 29 мая паклаў на зямлю міліцыянта, аказаўся актывіст Я. («Свабодзе» вядомае сапраўднае імя гарадзенца). Ён расказаў «Свабодзе», што адбылося падчас пікета, дзе быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Гэтаму папярэднічалі агрэсіўныя паводзіны невядомай жанчыны, якая хапала Ціханоўскага за вопратку.
«Па законе яны [міліцыянты] павінныя былі адцясніць гэтую жанчыну-правакатара, але яны чамусьці пачалі хапаць Сяргея за рукі. Мы спрабавалі іх адцясніць ад Сяргея», — расказвае Я. пра момант перад тым, як здарылася патасоўка на плошчы і Ціханоўскага затрымалі.
Актывіст пацвердзіў, што ён акуратна паклаў міліцыянта на зямлю.
«Ён проста на мяне ўпаў, а я яго ўжо падхапіў адпаведна, каб не даць чалавеку ўдарыцца аб нешта», — патлумачыў гарадзенец.
— Ці я правільна разумею, што міліцыянт сам упаў на вас?
— Так, вы правільна зразумелі. Калі ён падаў на мяне, я проста яго падхапіў. Ніякай бойкі там насамрэч не было, — адказаў мужчына.