90-гадовага дзядулю, які знік на Маладзечаншчыне, знайшлі ў тралейбусе ў Мінску
11.06.2020 / 09:01
Пра пенсіянера-мінчука, які знік з лецішча ў Маладзечанскім раёне, паведамлялася днямі, піша Рэгіянальная газета.
Вечарам 7 чэрвеня Васіль Дзялендзік выйшаў з дачнага дома, што ў садовым таварыстве «Глобус» Маладзечанскага раёна, і накіраваўся ў бок чыгуначнай станцыі «Дубровы». Пра знікненне бацькі 8 чэрвеня паведаміла дачка.
Напярэдадні мужчына казаў жонцы, што хоча з’ехаць дадому ў Мінск. Але дадому ён у той вечар так і не прыехаў. На працягу трох дзён пенсіянера шукалі родныя і блізкія, міліцыя і атрад «Анёл».
Валанцёры заўважаюць, што для такой спёкі мужчына быў вельмі цёпла апрануты. Таму спадзяваліся, што гэта прыцягне ўвагу прахожых.
Увечары 9 чэрвеня адна з падпісчыц суполкі пошукавага атрада ў сацсетках паведаміла, што падобнага да Васіля Іосіфавіча мужчыну яна бачыла ў тралейбусе і, як мяркуецца, ён выйшаў у раёне станцыі метро «Грушаўка». Дзякуючы настойлівасці родных пенсіянера, удалося пераканацца, што гэта і быў Васіль Іосіфавіч.