Кіраўнік Мінздароўя Літвы: Адкрыць мяжу з Беларуссю было б вельмі рызыкоўна

11.06.2020 / 10:21

Delfi.lt

«Адкрывацца з Беларуссю зараз было б вельмі рызыкоўна, як і з Расіяй ці яшчэ з некалькімі іншымі краінамі, якія, на мой погляд, гуляюць у вельмі рызыкоўную гульню», — сказаў Аўрэліюс Вярыга радыёстанцыі Ziniu radijas у чацвер, піша Дэлфі.

Па словах кіраўніка літоўскага Мінздароўя, стратэгія краін, якія дазваляюць заразіцца вялікай частцы папуляцыі, каб паспрабаваць сфармаваць масавы імунітэт, з'яўляецца рызыкоўнай і неапраўданай.

Вярыга таксама сказаў, што спачатку трэба сканцэнтравацца на аднаўленні паездак і адкрыцці межаў у межах шэнгенскай прасторы, дзе выкарыстоўваюцца падобныя меры для ўтаймавання пандэміі.

«З любымі такімі краінамі, як Беларусь, дзе хваробу адмаўляюць і гучыць вельмі дзіўная рыторыка, я думаю, вельмі небяспечна спяшацца адкрываць межы», — дадаў ён.

Раней занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі выказалі літоўскія навукоўцы. 

Паводле апошніх звестак, у Літве пацверджана 1733 выпадкі каранавіруса (учора 6 выпадкаў, пазаўчора — 7), ад COVID-19 памерлі 74 чалавекі. У Беларусі зафіксавана 51 066 выпадкаў COVID-19 (учора 801), памерлі 288 чалавек.

Nashaniva.com