Бабарыка: Тое, што адбываецца, — ціск на мяне, фарміраванне комплексу віны за людзей, якія паверылі

11.06.2020 / 11:46

Віктар Бабарыка у сваім штабе звярнуўся да членаў ініцыятыўнай групы. Ён заявіў, што тое, што зараз адбываецца, — гэта ціск на яго, фарміраванне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі. Відэа з яго прамовай даслала чытачка TUT.BY.

— Пачаліся ператрусы ў людзей, цесна са мной звязаных. Гэтая гісторыя ідзе да кампаніі «ПрыватЛізінг», і яна тычыцца толькі банкаўскай дзейнасці. Распачатыя крымінальныя справы [у адносінах] да былых супрацоўнікаў і дзейных. На пытанне, ці закранае гэта Бабарыку, было сказана: у дадзены момант такі чалавек не праходзіць. Што гэта значыць? Што штаб — у бяспецы. Гэта значыць, мы працягваем працу.

У мяне вялікая просьба: не перажываць. Банк будзе разбірацца са сваімі справамі, а штаб гэта не закранае, таму мы рухаемся па агульным плане.

Той, хто ўсё-такі вырашыць, што гэта для яго ўяўляе нейкую персанальную пагрозу, мае абсалютна поўнае права ўстаць і сысці. І я шчыра скажу, я буду ўсім удзячны, незалежна ад таго, якое будзе далейшае дзеянне. Вы зрабілі ўжо вельмі шмат, дзякуй вам усім велізарны. Застанецеся або сыдзеце — усё роўна на карысць нашай справе.

Тое, што зараз адбываецца, — гэта ціск на мяне, фарміраванне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі. Мне не вельмі прыемна гэта пачуццё, я скажу вам шчыра. Але я да яго рыхтаваўся, я гэта разумею. Таму ў вас ёсць поўнае права зрабіць любы выбар. За тое, што вы былі са мной хоць нейкую частку часу, аддалі свае сілы і кампетэнцыі, вялікі дзякуй, — сказаў Віктар Бабарыка.

Нагадаем, 11 чэрвеня КДК прыйшоў з ператрусамі ў Белгазпрамбанк, «ПрыватЛізінг» і іншыя кампаніі.

Ператрус у Белгазпрамбанку. Завялі справу за адмыванне грошай — да 7 гадоў зняволення

Nashaniva.com