Міліцыя зацікавілася актывісткай са Слаўгарада праз рэпост фільма NEXTA
12.06.2020 / 17:38
Актывістка са Слаўгарада Анжаліка Калатазішвілі ўвечары 11 чэрвеня паведаміла MSPRING.ONLINE, што да яе заявіліся супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў.
Прычынай стаў яе пост у «Аднакласніках» за 25 кастрычніка 2019 года. Жанчына рэпостнула сабе на старонку фільм NEXTA.
Па яе словах, на яе паступіла скарга з УУС Магілёўскага аблвыканкама.
— Міліцыянты склалі пратакол апытання, цікавіліся, што я размяшчаю ў сваіх сацсетках і навошта. Пыталіся, чым мне спадабаўся гэты фільм. Я шчыра сказала, што я не падтрымліваю існуючую ўладу ў Беларусі і што хтосьці, відавочна, наклаў у штаны, — распавяла Калатазішвілі.
Жанчына таксама заявіла, што супрацоўнікі міліцыі без дазволу здымалі яе на камеру. Настойлівыя просьбы Анжалікі спыніць відэаздымку міліцыя праігнаравала. Як распавяла Калатазішвілі, сілавікі папярэдзілі, што яны прыедуць яшчэ раз.