Затрыманыя 15 менеджараў, звязаных з Белгазпрамбанкам. Сцвярджаецца, што ў іх знойдзена 4 мільёны даляраў
12.06.2020 / 18:13
Падчас ператрусу ў Белгазпрамбанку канфіскавана 4 мільёны даляраў, затрыманыя намеснікі кіраўніка банка, топ-менеджары і кіраўнікі прыватных структур. Пра гэта сёння журналістам паведаміў старшыня КДК Іван Церцель, перадае БелТА.
Цяпер затрыманыя 15 чалавек. «Гэта топ-менеджары, у тым ліку намеснікі кіраўніка банка, кіраўнікі рознага ўзроўню, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур (у асноўным былыя супрацоўнікі банка)», — дадаў Іван Церцель.
Большасць затрыманых супрацоўнічаюць са следствам, даюць прызнальныя паказанні. «Акрамя таго, яны выдаюць сродкі, якія, на іх думку, былі атрыманы злачынным шляхам. Напрыклад, учора намі падчас следчых мерапрыемстваў канфіскавана больш за $4 мільёны, выяўленыя і канфіскаваныя каштоўныя паперы на суму звыш $500 тысяч, выяўленыя і далучаны да матэрыялаў так званыя дзігіпасы (інструмент, які дазваляе кіраваць рахункамі ў замежных банках)», — сказаў старшыня КДК.