БАТЭ пачне еўракубкі з другога раўнда, а брэсцкае «Дынама» будзе нясеяным
18.06.2020 / 07:46
Учора выканкам УЕФА перафарматаваў каляндар еўракубкаў на гэты сезон і на наступны. Нагадаем, футбольныя чэмпіянаты і кубкі былі спыненыя ў сярэдзіне сакавіка ва ўсёй Еўропе і толькі беларускія, як мужныя спартанцы, выходзілі на поле.
Сярод іншага быў вырашаны фармат наступнага сезона 2020/2021. Раней кваліфікацыя пачыналася акурат у гэтыя дні, у 20-х чыслах чэрвеня.
Сёлета кваліфікацыя пачнецца 8 жніўня, і то гэта будзе папярэдні этап Лігі чэмпіёнаў, дзе стартуюць клубы з Гібралтара, Андоры, Косава і Сан-Марына.
Чэмпіён Беларусі мінулага года брэсцкае «Дынама» возьме старт з першага раўнда. Ён пройдзе 18-19 жніўня. Прычым матчы кваліфікацыі будуць праходзіць з адной гульні: у гасцях ці дома — вырашыць лёсаванне.
У «Дынама» вельмі нізкі каэфіцыент, таму яму можа трапіцца супернік кшталту «Црвены Звезды», «Юргордэна» ці нарвежскага «Мёлдэ». Але нават калі берасцейцы выляцяць, то працягнуць гуляць праз кваліфікацыю Лігі Еўропы.
Раўнд плэй-оф Лігі чэмпіёнаў 22-23 і 28-29 верасня.
У Лізе Еўропы Беларусь прадстаўляюць БАТЭ, «Шахцёр» і мінскае «Дынама». З першага раўнда стартуюць «Шахцёр» і «Дынама». Матчы тут адбудуцца 27 жніўня. А вось БАТЭ дзякуючы высокаму каэфіцыенту пачне гульні з другога раўнда. І будзе гэта толькі 17 верасня.
Самі групавыя этапы пачнуцца толькі з 20 кастрычніка.