«Краявід пасля бітвы» на «Белсаце»

10.04.2009 / 10:28

Пятніца, 10 красавіка. 21.35 «Краявід пасля бітвы», маст. фільм, рэж. Анджэй Вайда, 1970 г., Польшча. У галоўных ролях: Даніель Альбрыхскі, Станіслава Цэліньска.

Гэтая псіхалагічная драма атрымала «Залаты глобус» на II Міжнародным кінафестывалі ў Мілане і «Залатую гронку» на фестывалі ў польскім Лагаве ў 1971 г.

У 1945 г. амерыканскія войскі вызваляюць вязняў з нямецкага канцлагеру, абяцаючы, што хутка яны змогуць вярнуцца дадому. Былых нявольнікаў вывозяць у лагер для перамешчаных асобаў. Маладому паэту Даніелю цяжка жыць з успамінамі лагернага жыцця. Ён ненавідзіць немцаў. Маладая польская габрэйка Ніна спрабуе дапамагчы яму пераадолець гэты хваравіты неспакой. Яна выцягвае яго на шпацыр за межы лагеру, прапаноўвае сваё каханне і эміграцыю. Але пры вяртанні ў лагер Ніну выпадкова забіваюць амерыканскія жаўнеры, і для Даніеля гэтая смерць лагічна ўкладаецца ў той безнадзейны ланцуг бессэнсоўных смерцяў, якія прынесла вайна.