Суд абавязаў прэзідэнта Бразіліі насіць маску

24.06.2020 / 07:55

Бразільскі федэральны суддзя Рэната Барэлі пастанавіў, што афіцыйныя асобы дзяржавы, у тым ліку прэзідэнт Жаір Балсанару, абавязаны насіць маску ў грамадскіх месцах. Парушальнікам, нягледзячы на пасаду, пагражае штраф у памеры 2 тыс. бразільскіх рэалаў (каля 400 даляраў), піша bbc.com.

Прэзідэнта Балсанару, які прадстаўляе крайніх правых, крытыкуюць за бравіраванне сваім скептыцызмам у адносінах да каранавіруса, ад якога ў Бразіліі памерла ўжо больш за 50 тысяч чалавек. У пачатку пандэміі ён заяўляў, што Covid-19 — усяго толькі лёгкая прастуда.

Сустракаючыся з прыхільнікамі, ён неаднаразова з'яўляўся на публіцы без маскі. На адным з мітынгаў яго знялі ў той момант, калі ён кашляў, не прыкрываючы рота, у іншым выпадку — чхаў у далонь і тут жа вітаўся за руку з жанчынай сталага веку.

Бразілія знаходзіцца на другім месцы ў свеце па колькасці выяўленых выпадкаў заражэння каранавірусам — звыш мільёна.

Нягледзячы на гэта, прэзідэнт Балсанару ў панядзелак зноў запатрабаваў аслабіць каранцінныя меры і адкрыць крамы і прадпрыемствы, заклікаўшы «не перабіраць» і паўтарыўшы свой вядомы тэзіс, што меры па барацьбе з пандэміяй не павінны прыносіць больш шкоды, чым сама пандэмія.

Настойлівыя заклікі кіраўніка дзяржавы ставіць у аснову эканоміку прывялі яго да сутыкнення з губернатарамі шэрагу бразільскіх штатаў, якія сваёй уладай увялі абмежавальныя меры, у тым ліку абавязковае нашэнне масак.

Nashaniva.com