«Салідарнасць не роўная злачынству». Сланімчукоў за ланцуг салідарнасці аштрафавалі

25.06.2020 / 07:15

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Шасьцёх жыхароў Слоніма аштрафавалі ў суме на 729 рублёў. Раённы суд 24 чэрвеня вырашыў, што яны ўдзельнічалі ў недазволеным масавым мерапрыемстве, піша Радыё Свабода.

Як расказала Свабодзе адна з аштрафаваных жыхарак Слоніма Вольга Наўгародзкая, 20 чэрвеня яны зь сябрамі выйшлі ў горад на знак салідарнасьці з затрыманымі падчас сёлетняй выбарчай кампаніі. Яна кажа, што яны спакойна стаялі адзін пры адным — бязь лёзунгаў і сымболікі. Аўтамабілі ім сыгналілі, яны ў адказ махалі рукамі.

«Мы нічога такога не рабілі. Мы проста стаялі, і ўсё», — сказала Вольга.

Паводле яе, праз паўгадзіны пад’ехалі тры міліцэйскія машыны. Міліцыянты сказалі, што станавіцца ў шэраг нельга, бо так атрымліваецца пікет.

«Калі бы мы стаялі ў коле, то тады можна было б?», — спыталася ў міліцыянтаў Вольга, але не дачакалася адказу.

Міліцыянты на месцы склалі пратаколы на чатырох чалавек, пазьней — яшчэ на дваіх.

«Я салідарная. Але салідарнасьць ня роўная злачынству… Дабрадзейнасьць ня можа быць злачынствам. А тут усё дагары нагамі», — разважае Вольга.

Штрафы атрымалі

Вольга сказала, што ёй перадаюць словы салідарнасьці з розных куткоў сьвету.

«Мне пішуць сябры з Чыкага, Адэсы, Кракава, Нямеччыны, Расеі, Казахстану: «Мы з вамі!» Усе за намі сочаць, нас падтрымліваюць, адчуваецца еднасьць. Я гляджу гэтыя відэа [акцый салідарнасьці] — Тэль-Авіў, Нью-Ёрк, Гамбург, Бэрлін, Варшава, Вільня, Нідэрлянды. Уздымаецца дух, што людзі прачынаюцца паціху».

Nashaniva.com