«COVID-19 нікуды не сышоў». У Гродне памерла жанчына, якую выпісалі з бальніцы і зноў шпіталізавалі
03.07.2020 / 09:32
Па словах родных, на развітанне далі паўгадзіны, фота з сямейнага архіва
Cям’я 68-гадовай Галіны Флар’янаўны малілася ў касцёле пра яе здароўе, калі жанчына памерла ў бальніцы. Гродзенку хавалі ў закрытай труне, а пазней сям’я даведалася: у пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» не тройчы пацверджаны каранавірус, а «атэрасклератычная хвароба сэрца», піша TUT.BY.
— Цяпер у краіне рэгіструецца каля 300 выпадкаў каранавіруса на дзень. Але на прыкладзе нашай маці бачым, што адбываецца. А колькі яшчэ такіх, як мы, якія страцілі сваіх родных і блізкіх? Магчыма, лічбы пайшлі на спад на паперы, а не ў рэчаіснасці. Навошта мы расказваем гэтую гісторыю? Чым яна адрозніваецца ад іншых, такіх жа? Раптам людзі яе прачытаюць і перастануць быць бестурботнымі. Выходзіш у горад, а там ужо ўсе без масак, сядзяць на летніх тэрасах, расслабіліся, але каранавірус нікуды не сышоў, не трэба памыляцца на гэты конт. Наша сям’я пахавала маму, у сябра дзядуля памёр ад COVID-19, — распавядае Юлія, дачка памерлай Галіны Флар’янаўны.
Калі пачалася эпідэмія, сям’я вырашыла, што на час варта скараціць кантакты і перастаць прыязджаць адно да аднаго ў госці. 68-гадовая Галіна Флар’янаўна жыла ў Гродне ў прыватным доме разам з мужам Тадэвушам Вацлававічам, першым сябе дрэнна адчуў муж. Як распавядаюць TUT.BY іх родныя, у мужчыны 18 мая паднялася тэмпература да 38,5, з’явіўся кашаль, слабасць, боль у грудзях.
— Мы мяркуем, тата заразіўся на працы, — адзначае Мікіта, зяць Галіны Флар’янаўны. — Праз некалькі дзён, 23 мая, маці таксама стала дрэнна. У выніку бацькі былі шпіталізаваны ў Гарадзенскую абласную клінічную бальніцу медыцынскай рэабілітацыі, толькі ў розныя аддзяленні. У абаіх пацвердзілася двухбаковая пнеўманія і COVID-19.
Па словах Юліі, пасля антыбіётыкаў бацьку стала лепш, а вось стан мамы выклікаў асцярогу.
— У маці тэмпература як паднялася 23 мая, так да 11 чэрвеня не падала. Ёй давалі вялікую колькасць разнастайных антыбіётыкаў, асаблівага эфекту не было. У выніку лекары прапанавалі правесці эксперыментальнае лячэнне антымалярыйным прэпаратам — гідроксіхлорахінам. Яна пагадзілася. Як і належыць, паводле загаду Мінздароўя, маці правяла ў бальніцы 21 дзень, і яе выпісалі, тэст на COVID-19 пры выпісцы не зрабілі. Я ўвогуле не разумею, як яе адпусцілі з такімі дыягназамі. У эпікрызе пазначана: сярэднецяжкая COVID-19 інфекцыя, пазашпітальная сярэднецяжкая двухбаковая міжтканкавая полісегментарная пнеўманія ў стадыі зваротнага развіцця, атэрасклероз аорты, — чытае выпiску з медыцынскага дакумента Юлія. Гэты эпікрыз родныя таксама даслалі ў рэдакцыю TUT.BY.
— Дома маме стала дрэнна, паднялася тэмпература да 38,7, на наступны дзень пасля выпіскі яе шпіталізавалі з падазрэннем на апендыцыт, вазілі ў іншую бальніцу на абследаванне, не пацвердзілася, і быў выстаўлены дыягназ «запаленне кішачніка». І зноў, ужо ў трэці раз, зрабілі аналіз на каранавірус — зноў станоўчы.
Апошні раз Юлія гутарыла з маці 19 чэрвеня, Галіне Флар’янаўне было так дрэнна, што размова была зусім кароткай. На наступны дзень жанчына памерла ў бальніцы.
— Мы каталікі і загадзя на 20 чэрвеня замовілі імшу, хацелі памаліцца аб здароўі мамы. Пайшлі ў касцёл, адключылі тэлефоны. Калі маліліся за здароўе, яе ўжо не было ў жывых… Выйшлі на вуліцу, патэлефанавалі ў рэанімацыю і так, стоячы каля касцёла, усе даведаліся, — плача Юлія і шкадуе, што не змагла развітацца з блізкім чалавекам.
— У пахавальным доме сказалі: раз у мамы COVID-19, то хаваць яе трэба ў закрытай труне. Далі паўгадзіны на развітанне. А пасля пахавання мы забралі пасведчанне аб смерці, там пазначаны не каранавірус, а атэрасклератычная хвароба сэрца.
Тадэвуш Вацлававіч выпісаўся з лякарні, але да гэтага часу, па словах блізкіх, працягвае лячэнне, якое доўжыцца ўжо паўтара месяца. У найбліжэйшы час ён збіраецца прыехаць у бальніцу і напісаць заяву з просьбай прадаставіць медыцынскія дакументы, каб зразумець, як лячылі яго жонку і чаму ўсё скончылася смяротным зыходам.
— Мы страцілі маму. Жонку. Асобу. Проста добрага чалавека. Мы разгубленыя. Не ведаем, як паўплываць на сітуацыю, што неабходна зрабіць, каб бягучы парадак рэчаў змяніўся. Наша краіна ігнаруе каштоўнасць чалавечага жыцця ва ўмовах глабальнай пандэміі, не прыняла адэкватных мер, а паўмеры і рэдкія паказальныя праверкі прадпрыемстваў не дапамагаюць, — выказвае сваю пазіцыю Мікіта, зяць Галіны Флар’янаўны.
TUT.BY звярнуўся па каментар у Гродзенскую абласную клінічную бальніцу медыцынскай рэабілітацыі.
— Калі сям’я да нас звернецца, мы дамо ўсю інфармацыю, — сказаў в. а. галоўнага доктара Віктар Полудзень і дадаў, што каментароў для СМІ не будзе.