Мінпрацы: Вымушаная няпоўная занятасць у Беларусі павялічылася ў 4 разы

06.07.2020 / 08:48

Сітуацыя на беларускім рынку працы кіраваная, людзі захавалі працоўныя месцы, хоць вымушаная няпоўная занятасць павялічылася ў 4 разы, заявіў міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч, паведамляе «Інтэрфакс».

«Змены пайшлі ўжо ў красавіку і маі, мы гэта вельмі добра бачылі, праглядалася гэтая праблема. І калі паглядзець пяць месяцаў, то за пяць месяцаў занятыя ў эканоміцы 99,8%, гэта значыць на 0,2% колькасць занятых знізілася», — паведаміла Касцевіч у інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.

Яна адзначыла, што наймальнікі ў буйным і сярэднім бізнэсе абышліся без масавых звальненняў і наогул не звальнялі людзей з неабгрунтаваных прычын. «Мы праманіторылі 288 арганізацый сярэдняга і буйнога бізнэсу, мы ўбачылі: па пагадненні бакоў — гэта 70% ад звольненых. Ёсць парушэнні, але гэта не масавыя парушэнні, гэта адзінкавыя выпадкі парушэння нормаў працоўнага кодэкса, невыканання з боку наймальніка».