Лукашэнка ўручыў паслу Славакіі ордэн Скарыны і распавёў, чаму можна павучыцца ў гэтай краіне

06.07.2020 / 11:24

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з паслом Славакіі ў Беларусі Ёзэфам Мігашам, уручаючы яму ордэн Скарыны, піша БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што паміж краінамі складваюцца вельмі добрыя адносіны, разам з тым у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва маецца яшчэ вялікі патэнцыял.

«Пагадзіцеся, асноўны паказчык — $220 млн тавараабароту — гэта зусім няшмат, — сказаў ён. — Але калі ўлічыць, што наогул ніякага не было тавараабароту ў свой час, гэты рост — ён значны. Але мы можам больш, мы гатовыя супрацоўнічаць самым цесным чынам з вашай цудоўнай Славакіяй, мы гатовыя па многіх напрамках вучыцца ў вас (а ў вас ёсць чаму вучыцца, пачынаючы ад спорту і заканчваючы пытаннямі прамысловага развіцця). Мы гатовыя ісці на больш глыбокае супрацоўніцтва».

Фота «Пул першага»

Нагадаем, пасол Славакіі ў Мінску Ёзаф Мігаш узяў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды заканчэння вайны 9 мая ў Беларусі. Калі ў МЗС Славакіі пацікавіліся ў дыпламата, чаму ён адправіўся на парад, Мігаш падаў у адстаўку, якая была прынятая. Як распавёў Мігаш прэсе, яго ўдзел у парадзе быў прынцыповай пазіцыяй. У МЗС Славакіі палічылі, што пасол парушыў прынцыпы камунікацыі са штаб-кватэрай.

Пазней Лукашэнка назваў здарэнне міжнародным скандалам, а 15 чэрвеня падпісаў указ аб узнагароджанні дыпламата ордэнам Скарыны.

Nashaniva.com