Адвакат Міхаіла Яфрэмава заявіў, што сабраў доказы невінаватасці акцёра
07.07.2020 / 08:07
Адвакат Міхаіла Яфрэмава Эльман Пашаеў паведаміў, што сабраў дастаткова доказаў невінаватасці свайго падабароннага, таму пераканаў яго пакуль пачакаць з прызнаннем віны.
«Задача адваката збіраць доказы. Я гэтым займаўся, я сабраў дастаткова доказаў яго невінаватасці, — сказаў ён у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія-24». — Таму я з ім размаўляў, я яго пераконваў пачакаць — віну заўсёды прызнаць паспеем», піша tass.ru.
Паводле яго слоў, цяпер справа суда — ацаніць сабраныя доказы. «Калі мы зразумеем у судзе, што нашы доказы не абгрунтаваныя і не маюць юрыдычнай ацэнкі і сілы, вядома, мы будзем прызнаваць сваю віну і будзем прыносіць свае прабачэнні», — дадаў Пашаеў.
Расійскі акцёр Міхаіл Яфрэмаў здзейсніў смяротнае ДТЗ, яму пагражае да 12 гадоў турмы
Увечары 8 чэрвеня на Смаленскай плошчы Яфрэмаў на вялікай хуткасці выехаў на сустрэчную паласу і лоб у лоб сутыкнуўся з фургонам. Кіроўца фургона, 57-гадовы Сяргей Захараў, на наступную раніцу памёр у бальніцы. Артысту выстаўлена абвінавачванне ў тым, што ён, кіруючы аўтамабілем у стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення, здзейсніў ДТЗ, у выніку якога загінуў чалавек. Яфрэмаву пагражае ад 5 да 12 гадоў калоніі.
Акцёр Міхаіл Яфрэмаў запісаў ВІДЭА з выбачэннямі: Я не ведаю, як далей жыць
У крыві акцёра пасля ДТЗ, акрамя высокай дозы алкаголю, былі выяўленыя сляды наркатычных рэчываў, у тым ліку какаіну. Па гэтым факце была распачатая справа аб збыце наркотыкаў, па якой артыст праходзіць сведкам.