Журналісты пададуць пазоў на прэзідэнта Бразіліі. Бо ён падвергнуў іх рызыцы заражэння СOVID-19

08.07.2020 / 10:52

Бразільская асацыяцыя прэсы (ABI) збіраецца падаць у суд на прэзідэнта краіны Жаіра Балсанару з-за таго, што ён падвергнуў журналістаў рызыцы заразіцца каранавірусам. Пра гэта паведамляецца на сайце ABI.

7 ліпеня Балсанару падчас прэс-канферэнцыі паведаміў, што яго тэст на новы каранавірус даў станоўчы вынік. Паводле звестак ABI, кіраўнік дзяржавы пры гэтым «парушыў рэкамендаваны дактарамі рэжым ізаляцыі», не выконваў дыстанцыю і зняў маску.

«Нягледзячы на тое, што ён ведаў, што заражаны COVID-19, прэзідэнт Жаір Балсанару працягнуў дзейнічаць злачынным чынам і падвяргаць рызыцы жыцці іншых людзей», гаворыцца ў заяве.

У асацыяцыі прэзідэнта абвінавацілі ў парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «распаўсюдзе інфекцыйных захворванняў». Гэтыя артыкулы прадугледжваюць турэмнае зняволенне і штраф. «Сутыкнуўшыся з такой сітуацыяй, ABI падае ў Вярхоўны суд на прэзідэнта», — гаворыцца ў заяве.

6 ліпеня Балсанару распавёў, што ў яго паднялася тэмпература да 38 градусаў і з'явілася слабасць. На наступны дзень ён паведаміў аб станоўчым выніку тэсту на каранавірус і заявіў, што ўжо адчувае сябе лепш.

Раней Балсанару адмаўляў небяспеку каранавіруса, называючы яе перабольшанай. Доўгі час адмаўляўся ўводзіць у Бразіліі абмежавальныя меры, у прыватнасці, выступаў супраць сацыяльнай дыстанцыі і закрыцця крамаў. Таксама ён працягваў сустракацца са сваімі прыхільнікамі і часта з'яўляўся на публіцы без маскі.