Пятроўскі: Лукашэнка расказаў пра затрыманне ў Беларусі чатырох супрацоўнікаў ГРУ Расіі

Дапоўнена

09.07.2020 / 17:17

Лукашэнка падчас 4-гадзіннай размовы з праўладнымі журналістамі паведаміў пра затрыманне чатырох супрацоўнікаў ГРУ Расіі.

Інфармацыя пра гэта з'явілася на фэйсбук-старонцы праўладнага палітычнага каментатара Пятра Пятроўскага.

Пятро Пятроўскі, які быў удзельнікам сустрэчы, патлумачыў, што затрыманыя супрацоўнікі ГРУ нібыта працавалі ў камандзе Сяргея Ціханоўскага.

Дадзеную інфармацыю ён паспеў пацвердзіць журналістам «Комсомольской правды»:

Пазней ён выдаліў сваё паведамленне і дапісаў новае.

«Сябры, наконт ГРУ — жарт. Праверка нашых СМІ на трываласць. Як яны правяраюць інфу і што пішуць. Сустрэча была закрытай. Інфармацыя абвяшчэнню не падлягае», — напісаў Пятроўскі і паставіў сабе лайк.

Пазней Пятроўскі выдаліў і допіс пра тое, што наконт ГРУ быў жарт.

«Наша Ніва» спыталася ў двух іншых удзельнікаў сустрэчы пра тое, ці чулі яны такое выказванне Аляксандра Лукашэнкі. Яны сказалі, што не чулі.

Таксама Пятроўскі апублікаваў допіс, у якім было пытанне да Лукашэнкі аб тым, што будзе рабіць Беларусь у выпадку адмовы Расіі ствараць адзіныя рынкі нафты і газу.

«Беларусь выйдзе з ЕАЭС», — нібыта такі адказ атрымаў Пятроўскі. Аднак і гэты допіс ён выдаліў.

Nashaniva.com