Арцыбіскуп Кандрусевіч строга выказаўся наконт чарговай пілігрымкі на монаколе ксяндза Завальнюка
14.07.2020 / 08:39
Айцец Уладзіслаў Завальнюк едзе ў Будслаў
На сайце catholic.by змешчана паведамленне старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі наконт пілігрымкі ксяндза каноніка, пробашча Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка
Нагадаем, што 29 чэрвеня — 2 ліпеня Уладзіслаў Завальнюк зрабіў пілігрымку на монаколе ў Будслаў, дзе адбывалася традыцыйная ўрачыстасць (праз каранавірус масавыя паломніцтвы былі адмененыя).
Некалькі дзён таму з'явілася інфармацыя, што айцец Завальнюк збіраецца на монаколе аб'ехаць па перыметры Беларусь з малітвай выбаўлення краіны ад каранавіруса.
Кіраўнік Каталіцкага касцёла Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з заявай.
«У апошнія дні ў сацыяльных сетках распаўсюджваецца інфармацыя пра пілігрымку ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка на монаколе па перыметры Беларусі ў інтэнцыі выбаўлення ад пандэміі каранавіруса.
У сувязі з тым, што такая інфармацыя часта выклікае неадназначную рэакцыю, паведамляю наступнае.
1. Касцёл з першых дзён распаўсюджвання гэтай заразнай і вельмі небяспечнай эпідэміі заклікаў і далей заклікае маліцца ў інтэнцыі выбаўлення ад яе і пераадолення выкліканых ёю наступстваў.
Для гэтага было арганізавана шмат пастырскіх акцый як на агульнабеларускім, так і на дыяцэзіяльным узроўні.
2. Ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк не звяртаўся да ККББ з прапановай арганізаваць яго аднаасабовую пілігрымку па перыметры Беларусі. Таму яму ніхто не даваў благаслаўлення на гэтую акцыю.
3. Пілігрымка, якую арганізаваў кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк, носіць прыватны характар і ажыццяўляецца ў межах належнага кожнаму святару штогадовага адпачынку.
4. Кананічнае Права Каталіцкага Касцёла (кан. 935) забараняе нашэнне пры сабе Найсвяцейшага Сакрамэнту, таму кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк не можа браць яго з сабой у пілігрымку», — гаворыцца ў паведамленні.
Тадэвуш Кандрусевіч, фота Надзеі Бужан