У лідэраў беларускай апазіцыі зноў праблемы на мяжы

16.04.2009 / 10:28

На беларуска‑літоўскай мяжы ўзніклі праблемы ў лідэраў апазіцыі, якія накіроўваюцца 16 красавіка ў Вільню на сустрэчу з кангрэсменамі ЗША.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, прыкладна ў 9.00 пры перасячэнні мяжы ў пункце пропуску «Каменны Лог» Аляксандру Казуліну прапанавалі запоўніць дэкларацыю і прайсці надгляд.

Пільную ўвагу памежнікі звярнулі на актывіста маладзёжнай апазіцыі Артура Фінькевіча. Яму паставілі ў пашпарт адзнаку аб тым, што ён часовы невыязны, і цяпер маладому чалавеку давядзецца ехаць назад у Мінск.

Незразумелай, паводле слоў Лябедзькі, гэтая сітуацыя выглядае таму, што прэтэнзіі памежнікаў узніклі пасля таго, як Фінькевіч, адбыўшы тэрмін у Магілёве за ўхіленне ад адбыцца пакарання ў выглядзе абмежавання волі, ужо некалькі разоў выязджаў за мяжу.

У складзе групы палітыкаў у Вільню накіроўваецца таксама намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.

БелаПАН