Гран-пры «Славянскага базара» атрымаў беларускі выканаўца з песняй на словы Багдановіча
20.07.2020 / 07:41
Прадстаўнік Беларусі Раман Валазнёў заваяваў Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні XXIX «Славянскага базару ў Віцебску», перадае БелТА.
Па выніках двух конкурсных выступленняў з кампазіцыяй «Свяча» на вершы Максіма Багдановіча і сусветным хітом Autumn Leaves ён набраў 134 балы. З фестывальнага Віцебска пераможца павязе запаветную ўзнагароду «Ліра» і грашовую прэмію ў памеры $20 тыс. Таксама ён адзначаны спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна за найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства.
Першай прэміяй і спецпрызам адзначана ўкраінская спявачка Эліна Івашчанка, лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лында з Літвы. Трэцюю члены журы падзялілі паміж прадстаўніцай Босніі і Герцагавіны Івонай Адыцкі і Хансултанам з Казахстана.
Спецыяльны прыз прэзідэнта Беларусі «Славянская надзея» прысуджаны Эліне Івашчанка (Украіна). Канкурсантка з Расіі Алена Freyman адзначана спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу саюза Беларусі і Расіі і тэлерадыёкампаніі «Мір».
За перамогу ў XXIX міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2020» змагаліся ўдзельнікі з 14 краін: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Украіны і Эстоніі.
Ацэнкі сёлета выстаўлялі Іна Афанасьева (Беларусь), Кейт Раян (Бельгія), Томас Невергрын (Данія), Карлыгаш Абдзікарымава (Казахстан), Ладзіслаў Бубнар (Славакія), Наталля Бучынская (Украіна) і народны артыст Расіі Алег Газманаў, які ўзначальваў журы.