«Гэта не апошні раз». Былы галоўны механік «Мінскводаканала» — пра прычыны аварыі, запасы артэзіянскай вады і свідравіны ў прастоі

23.07.2020 / 09:42

У канцы чэрвеня Мінск на тры дні застаўся без чыстай вады. Найбольш праблема закранула Фрунзенскі і Маскоўскі раёны. Спачатку ўлады цалкам адмаўлялі праблему. У выніку ж Следчы камітэт завёў крымінальную справу з-за службовай халатнасці (ч. 2 ст. 428 Крымінальнага кодэкса). Згодна з папярэдняй інфармацыяй, няякасная вада трапіла ў водаправод праз бяздзеянне ці няякаснае выкананне сваіх абавязкаў службовымі асобамі.

Як такая аварыя магла адбыцца? Чаму сталіцу дагэтуль цалкам не перавялі на артэзіянскую ваду? І як гэта зрабіць з мінімальнымі затратамі? Бачаннем сітуацыі з «Нашай Нівай» падзяліўся былы работнік «Мінскводаканала», добра знаёмы з сітуацыяй.

Падвоз вады ў Сухараве падчас аварыі. Фота Дзмітрыя Брушко, Tut.by

Валяр’ян Белы працаваў на прадпрыемстве каля 40 гадоў, быў галоўным механікам. У 2003-м сышоў на пенсію. А ў 2009-м праводзіў незалежны энергааўдыт прадпрыемства для Інстытута энергетыкі. 

«Таму я ведаю добра, што было раней. А сустракаючыся з многімі работнікамі, у курсе сітуацыі і цяпер», — заўважае ён.

«Калі б пры запуску вады прысутнічаў тэхнолаг, ён бы адчуў пах»

У спецыяліста ёсць свая версія, чаму месяц таму ледзь не палова Мінска засталася без чыстай вады. Прычынай ён лічыць няправільны запуск сістэмы пасля рамонту.

«Рамантаваўся адзін з вадаводаў Крылоўскага вадасховішча, па якім вада паступае на ачышчальныя збудаванні. Такія работы праводзіліся шмат разоў, і існуюць пэўныя правілы ўводу камунікацый у эксплуатацыю пасля рамонту.

Перадусім трэба было прамыць тунэль і, запускаючы на ачышчальныя збудаванні ваду, рэгуляваць яе прыток. Не пускаць адразу, не праверыўшы якасць. Тэхнолаг мусіў паглядзець, што там будзе паступаць. Калі б ён прысутнічаў, ён бы адчуў пах, не запусціў бы гэтую ваду.

А яго, відаць, не было. Нехта адзін вырашыў: «Уключаем сістэму на поўную моц» — і «задушыў» усю станцыю», — апісвае магчымы варыянт падзей Белы.

На «Мінскводаправодзе» спачатку апраўдвалі дрэнны пах вады гарачым надвор’ем. Былы механік кажа, што сапраўды ў летнюю спёку вада ў вадасховішчы пачынае цвісці. Але гэта адбываецца практычна штогод. Усё, што патрабуецца ад спецыялістаў у гэты час, — асабліва пільна сачыць за тым, што паступае на станцыю.

«Вада, калі паступае з адкрытых крыніц, нясе розныя прымесі. Штосьці паступова адкладаецца ў трубаправодзе. І гэта зляжалая маса пры запуску пасля рамонту магла ўзмуціць увесь састаў», — выказвае здагадку былы механік.

Валяр’ян Белы мяркуе, што адна з асноўных праблем, якая прывяла да аварыі, — гэта кадры.

«Бяда ў тым, што аўтарытарны стыль кіравання прывёў да таго, што пазвальнялі амаль усіх думаючых людзей. Засталіся ў асноўным выканаўцы. Гэта не апошні раз, я думаю, без талковых спецыялістаў падобнае можа адбывацца і далей», — лічыць мужчына.

«Артэзіянскай вады ў Мінска з запасам, свідравіны стаяць у рэзерве»

Размовы пра тое, каб перавесці сталіцу цалкам на артэзіянскую ваду, вядуцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Вось-вось адбудзецца, абяцаюць улады. Але тэрмін кожны раз пераносіцца — спачатку на 2013-ы, пасля на 2018-ы, а яшчэ пазней на 2025-ы.

«Было некалі рашэнне пабудаваць у Вязынцы яшчэ адзін водазабор, на 40-50 тысяч кубоў, і такім чынам дапамагчы пераводу на артэзіянскую ваду. Але адмовіліся — няма грошай», — успамінае адзін з планаў Валяр’ян Белы.

Ёсць тут парадокс. У пачатку нулявых Мінск спажываў за суткі 750 тысяч кубаметраў вады. З іх 210 тысяч давала ачышчыльная станцыя, а 540 тысяч — артэзіянскія свідравіны. Сёння сталіца расходуе 460 тысяч кубаметраў вады за суткі (130-150 тысяч з іх — з паверхневых крыніц). Атрымліваецца, артэзіянскай вады ў Мінска з запасам.

Чаму спажыванне знізілася?

Насельніцтва пачало масава ставіць прыборы ўліку і эканоміць рэсурсы (і, адпаведна, свае грошы). 

«12 год таму норма водарасходу была 300 літраў вады на суткі. Сёння яна стала 140», — адзначае спецыяліст.

Пасля таго як ваду сталі расходаваць менш, некалькі свідравін увялі ў рэзерв. Але іх магутнасці пры ўмове правільнай эксплуатацыі мусяць захавацца — зацверджаныя запасы ёсць па кожнай станцыі. 

«Свідравіны трэба рэгулярна ўключаць і прапампоўваць. Нельга пакідаць іх у рэзерве надоўга. Свідравіна пачынае зніжаць свой дэбет, бо фільтры зарастаюць кальматантам. Павінен быць жорсткі графік, які будзе кантралявацца. Але ў сувязі з тым, што да кожнай станцыі даводзяцца нарматывы па ўдзельных расходах электраэнергіі, яны стараюцца не пускаць у працу свідравіны, якія маюць горшы ўдзельны расход. І яны адстойваюцца. Пэўна, 10-15% магутнасцяў ужо страчана», — мяркуе Валяр’ян Белы.

Каб вады хапіла на ўвесь Мінск, трэба пераразмеркаваць гарадскія сеткі. Напрыклад, у раёне Дзіцячай чыгункі і Дражні ёсць лішак.

«Каб забяспечыць Кастрычніцкі і Фрунзенскі раёны артэзіянскай вадой, мяркуецца з 8-й станцыі («Віцкаўшчына») пабудаваць вадавод і пампаваць сюды ўзамен таму, што ідзе з ачышчальных станцый. Апроч таго ёсць магчымасць накіраваць ваду з 10-й станцыі («Феліцыянава»).

Ёсць яшчэ водазабор «Навінкі», які калісьці даваў 70 тысяч кубаметраў вады на суткі, а сёння — 38 тысяч. То-бок 30 тысяч кубаметраў па камунікацыях, якія існуюць, можна падаць у Масюкоўшчыну — без усякіх затрат», — дзеліцца бачаннем сітуацыі спецыяліст.

Самыя вялікія расходы — будаўніцтва вадавода ад 8-й станцыі. Калі б дзяржава ўзяла іх на сябе, астатнія працы водаканал мог бы правесці за кошт уласных сродкаў на капітальны рамонт, упэўнены Валяр’ян Белы

«Трэба не сыходзіць ад гэтых пытанняў, а вырашаць», — кажа ён.

Наталля Лубнеўская