Давыдзька: Фільм пра «Белы легіён» меў публіцыстычнае значэнне, а не дакументальнае
23.07.2020 / 15:13
Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька чарговы раз выказаўся пра прапагандысцкія фільмы «Жалезам па шкле» (зняты пасля Плошчы-2010, яго агучваў сам Давыдзька) і «Белы легіён чорных душ». Нагадаем, інфармацыя, расказаная ў гэтых фільмах, не пацвердзілася.
Генадзь Давыдзька, фота Волі Афіцэравай
«Вы ж глядзелі баевікі рознага кшталту, калі станоўчы герой, за якога заўзее ўся аўдыторыя, змагаецца з ворагам свайго народа, і гэты вораг нарэшце перамагае гэтага героя — уся зала гледачоў перажывае. І тут гэты герой намацвае нейкі пясок, бярэ яго ў жменю і кідае яму ў вочы. Гэта забаронены прыём. [Але] ўся зала падымаецца, бо гэты галоўны герой скідае суперніка, злую істоту. Мір бярэ верх — і ўсе шчаслівыя, — расказаў Давыдзька ў інтэрв'ю відэаблогеру Аляксею Голікаву. —
Я думаю, калі ворагі перад гэтым столькі выкарыстоўвалі перакручванняў, столькі мярзоцця тварылі, гулялі за прававым полем, дапускалі паклёпы і гэтак далей. І калі ёсць магчымасць з імі зрабіць гэтак жа ў палітычнай барацьбе, на жаль, гэта трэба рабіць. На вялікі жаль.
Так, у гэтых фільмах ёсць факты, але ж яны мелі публіцыстычнае значэнне, а не дакументальнае».