Чэрачань на БТ: 10 гадоў Беларусь топчацца ў развіцці на адным месцы

28.07.2020 / 18:14

Кандыдат на пасаду прэзідэнта Сяргей Чэрачань выступіў у эфіры БТ. У сваім звароце ён пераважна казаў пра эканамічныя праблемы краіны і выказваўся на сацыяльную тэматыку.

Палітык у выпадку абрання прэзідэнтам мае намер праводзіць эканамічныя рэформы.

10 гадоў Беларусь топчацца ў развіцці на адным месцы, усё больш адстае ад усяго свету і суседзяў, лічыць Чэрачань. Гэта не выпадковасць і не чыясьці змова, а непасрэдны вынік недальнабачнай эканамічнай палітыкі ўлады, кажа палітык.

За апошнія 10 гадоў рост беларускай эканомікі складаў менш за 1% у год, палітык назваў гэты перыяд застоем. А далей параўнаў змены ў даходах беларусаў і жыхароў суседніх краін.

Чэрачань выказаў нязгоду з эканамічнай палітыкай дзяржавы і пахваліў некаторыя прыватныя кампаніі.

— Прыватны бізнэс зарабляе для Беларусі грошы, плаціць падаткі. Але сёлета падчас надзвычай сітуацыі, прыватны бізнэс замест падтрымкі дзяржавы атрымлівае пагрозы і абразы, — кажа кандыдат.

Nashaniva.com