200 выпускнікоў наймацнейшай мінскай матэматычнай гімназіі звярнуліся да сваіх педагогаў з выбаркама
Выпускнікі сталічнай гімназіі №41 напісалі адкрыты зварот да сваіх настаўнікаў, якія ўваходзяць у выбарчую камісію.
03.08.2020 / 17:36
Паважаныя і дарагія нашы настаўнікі!
Мы, вашы вучні, звяртаемся да вас і выказваем сваю глыбокую ўдзячнасць. Дзякуючы вам мы здабылі моцныя веды, а ў памяці назаўжды застануцца добрыя ўспаміны і яркія моманты школьнага жыцця. Усе нашы поспехі і дасягненні — гэта вынік таго, што было закладзена вашай працай і цярпеннем. Вы падрыхтавалі нас да дарослага жыцця, навучылі дасягаць пастаўленых мэтаў, годна і сумленна рухацца на шляху да іх.
Цяпер надыходзіць важны час для ўсіх, калі ад вас залежыць не толькі лёс вучняў, але і будучыня нашай краіны. У часы вольнага доступу да інфармацыі любыя наўмысныя памылкі пры падліку галасоў не застануцца незаўважанымі, і іх наступствы могуць закрануць вас наўпрост. Мы шчыра верым, што вы аб'ектыўна, з годнасцю і ў рамках закона выканаеце абавязкі членаў выбарчай камісіі.
Мы выдатна разумеем узровень ціску, з якім даводзіцца сутыкацца кожнаму з вас і што некаторыя рашэнні ў жыцці патрабуюць асаблівай смеласці. Але мы заўсёды гатовыя вас падтрымаць.
Жадаем вам далейшых поспехаў у выхаванні будучых пакаленняў беларусаў і верым, што і для іх вы станеце прыкладам, бо галоўнае ў жыцці — быць годным і неабыякавым чалавекам.
З вялікай павагай,
вашыя вучні